Каманда ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Лукскай сярэдняй школы заняла першае месца ў абласной гульні “Зімовы разведатлон”
У Гродне, на базе сярэдняй школы № 7, прайшлі абласныя спаборніцтвы па ваенна-прыкладной гульні “Зімовы разведатлон-2023”. У гэтым годзе спаборніцтвы былі прысвечаны памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў Гродзеншчыны. Па выніках гульні каманда ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Лукскай сярэдняй школы заняла першае месца.
Па словах кіраўніка клуба Уладзіміра Матусевіча, мерапрыемства пачалося з ускладання кветак да помніка воінам-інтэрнацыяналістам. Землякоў, якія загінулі на той вайне, ушанавалі хвілінай маўчання.
Гульня праходзіла ў выглядзе эстафеты. Першым конкурсам была стральба з пнеўматычнай вінтоўкі. На аднаго ўдзельніка конкурсу было пяць мішэняў. Пасля таго, як удзельнік адстраляўся, ён накіроўваўся на конкурс па спартыўным арыентаванні, дзе павінен быў знайсці пазначаны на карце кантрольны пункт, на якім ставілі адзнаку аб праходжанні. Пасля выстаўлення адзнакі канкурсант вяртаўся на старт, дзе перадаваў эстафету наступнаму члену каманды.
Уладзімір Уладзіміравіч расказаў, што на працягу ўсёй эстафеты карэліцкая каманда была ў ліку лепшых. Удзельнікаў з Лідскага раёна, якія ішлі першымі, удалося абысці толькі на апошнім этапе. Карэліччане, нягледзячы на вецер, выдатна стралялі, добра арыентаваліся на мясцовасці.
Каманда была ўзнагароджана кубкам, усе ўдзельнікі атрымалі медалі за першае месца.
Сяргей СТОЛЯР
Фота прадастаўлена Уладзімірам МАТУСЕВІЧАМ