Працягваем рубрыку «Віцязі ў страі», дзе расказваем пра выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба «Віцязь» Лукскай СШ

Браты-двайняты Стас і Косця Баранавы з маленства прывыклі ўдзельнічаць у спартыўных спаборніцтвах. Бацькі хлопцаў Аляксандр Васільевіч і Анастасія Рыгораўна — актыўныя ўдзельнікі раённых спаборніцтваў па валейболе, прадстаўлялі Карэліччыну на абласных “Дажынках” у Скідзелі і Вялікай Бераставіцы. У мінулым годзе сям’я Баранавых стала лепшай у абласных спаборніцтвах “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”. Самі хлопцы спрабуюць свае сілы ў футболе і валейболе, гуляюць у хакей.

— Прыкладна два гады таму на ўроку асноў бяспекі жыццядзейнасці я заўважыў аўтамат, — успамінае Стас. — Зразумела, мне захацелася патрымаць яго ў руках, я папрасіў аб гэтым настаўніка АБЖ і кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання Уладзіміра Уладзіміравіча Матусевіча. Ён паказаў зброю, расказаў, як разбіраць аўтамат і дадаў, што я, калі мне гэта цікава, магу запісацца ў клуб “Віцязь”, дзе змагу трэніравацца са зброяй, навучуся страляць. Я паспрабаваў, мне спадабалася, і я стаў займацца.

Зусім іншая гісторыя знаёмства з клубам у Косці. Хлопец расказвае, што яго сяброўка Дар’я прапанавала схадзіць на заняткі клуба за кампанію. Пасля гадзіны, праведзенай разам з “віцязямі”, Косця зацікавіўся дзейнасцю клуба і з таго часу стаў займацца.

Браты прызнаюцца, што больш за ўсё ім імпануюць заняткі са зброяй. Хлопцам падабаецца страляць з пнеўматычнай вінтоўкі, разбіраць і збіраць аўтамат. Стас дадае, што яму па душы страявая падрыхтоўка. Таксама даспадобы двайнятам спартыўнае арыентаванне на мясцовасці.

Васьмікласніца Дар’я Казлоўская — тая самая прыяцелька, якая ўпершыню прывяла Косцю на заняткі ваенна-патрыятычнага клуба. Дзяўчына распавядае, што сама прыйшла ў “Віцязь” дзякуючы сваёй сяброўцы:

— Дамініка Лісоўская ўжо не першы год была членам клуба, яна вельмі шмат расказвала, і мне захацелася паспрабаваць.

Дзяўчына кажа, што ёй падабаюцца заняткі, на якіх юнармейцаў вучаць маршыраваць і выконваць элементы страявой падрыхтоўкі са зброяй:

— Яшчэ вучаніцай пачатковай школы любіла назіраць, як займаюцца старшакласнікі. Яны стаялі на пляцоўцы перад школай, былі засяроджаны. Затым былі вечары, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны, на якіх “віцязі” выступалі ў прыгожай форме, і мне хацелася як мага хутчэй прымерыць яе.

Адной з самых цікавых падзей, звязаных з удзелам у клубе, Дар’я назвала паездку ў Гродна на “Цягнік Перамогі”:

— Нам паказалі ўсю гісторыю Перамогі. Мяне найбольш уразілі васковыя фігуры. І самае цікавае, што гэты своеасаблівы музей размяшчаўся ў чыгуначных вагонах.

Шасцікласнік Аляксандр Максімовіч займаецца ў клубе другі год. Хлопец кажа, што ён, як і многія, “захварэў” на “Віцязь”, калі ўбачыў старшакласнікаў, маршыруючых на пляцоўцы каля школы:

— Я тады вучыўся ў пачатковых класах. Мы, малыя, хадзілі гуляць на вуліцу, а ўдзельнікі клуба займаліся на пляцоўцы, вучыліся выконваць элементы страявой са зброяй. За гэтым было цікава назіраць: хлопцы і дзяўчаты стаяць з аўтаматамі ў руках, выконваюць загады, робяць усё вельмі зладжана. Нам таксама захацелася паспрабаваць, таму мы з сябрамі станавіліся ў канцы шэрагу і стараліся зрабіць тое, што рабілі «віцязі».

У пятым класе Саша здзейсніў мару і стаў членам клуба. Таксама ён адзін з юных іспектараў дарожнага руху, у хлопчыка добра атрымліваюцца элементы фігурнага ваджэння ровара.

— У мінулым годзе я ўпершыню прымаў удзел у раённых спаборніцтвах сярод юных інспектараў руху, там таксама вельмі цікава. Многія, хто ходзіць у “Віцязь”, займаецца і ў гуртку “ЮІР”. Мы вучымся працаваць у камандзе, нам тлумачаць, што з намаганняў кожнага складаецца вынік усёй каманды, таму я стараюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць.

Асаблівае захапленне вызываюць заняткі па маршыраванні пад песні, асабліва пад “Кацюшу”.

— Калі вырасту, хачу стаць танкістам, — дзеліцца Саша. — Таму “Віцязь” для мяне вельмі карысны. Тут я магу больш даведацца пра гісторыю роднага краю, пра землякоў, якія абаранялі нашу Радзіму, пра людзей, якія загінулі тут. Кожны раз, калі я прыходжу ў кабінет, я з цікавасцю разглядаю экспанаты Пакоя баявой славы, цікаўлюся ва Уладзіміра Уладзіміравіча, што гэта, для чаго выкарыстоўвалася. Таксама ён вельмі цікава апавядае, як знайшоў той ці іншы прадмет экспазіцыі. Напрыклад, у Пакоі ёсць частка абшыўкі фюзеляжа самалёта часоў Другой сусветнай вайны. Гэта дэталь захоўвалася ў аднаго дзядулі, які знайшоў яе яшчэ юнаком. У гэтага ж дзядулі быў нямецкі стул, на якім сядзеў нейкі фашысцкі афіцэр, калі немцы спыніліся на адпачынак. Раптам немцы пачалі хутка збірацца, а стул забыліся. Хлапчук прынёс яго дадому, але тата накрычаў, сказаў, што фашысты могуць вярнуцца. Стул прыйшлося схаваць у лесе, дзе ён праляжаў да самай Перамогі.

Цімур Калабаеў — самы маленькі “віцязь”. Хлопчык займаецца ў клубе з верасня мінулага года, але прызнаецца, што даўно хацеў стаць членам каманды:
— Я чакаў, пакуль перайду ў пяты клас, каб апрануць форму, — кажа Цімур.

З самага дзяцінства хлопчыку падабаюцца фільмы пра вайну, асабліва тыя, дзе паказваюць ваенную тэхніку. Марыць стаць ваенным. Ён пакуль не вырашыў, якую выбраць спецыяльнасць, аднак яму падабаюцца танкі.

— У пачатковых класах мы прыйшлі да Уладзіміра Уладзіміравіча на экскурсію, — успамінае Цімур. — З фотаздымка, які вісеў у кабінеце, на мяне пазіралі сур’ёзныя хлопчыкі і дзяўчынкі ў форме, і я таксама захацеў яе прымерыць. Мне далі фуражку, і хоць яна была вялікай для мяне, я вырашыў, калі вырасту, абавязкова стану насіць форму.

Сярод любімых заняткаў хлопчыка — стральба і страявая падрыхтоўка. Ён кажа, што вельмі стараецца, каб у яго ўсё атрымлівалася, а калі нешта не ўдаецца, то старэйшыя таварышы дапамогуць, патлумачаць.

Дзевяцікласнік Аляксандр Цыганоў прызнаецца, што ў клуб запісаўся, бо было цікава паглядзець, чым займаюцца рабяты:

— Мне сказалі, што ў іх ёсць сапраўдны аўтамат, і я захацеў патрымаць яго ў руках.

Цяпер Саша вельмі добра страляе і хутка разбірае і збірае зброю. Адным з самых яскравых успамінаў, звязаных з дзейнасцю клуба, хлопец называе паездку ў Слонім на абласныя спаборніцтвы.

— Я тады толькі пачынаў займацца, — успамінае Саша. — У Слоніме было пяць ці шэсць каманд з усёй вобласці. Трэба было прадставіць сваю каманду, былі конкурсы па разборцы і зборцы аўтамата, стральбе, падцягванні, а таксама паласа перашкод. На тых спаборніцтвах я заняў першае месца па стральбе і вельмі ганарыўся гэтым. Тут я трэніраваўся страляць з вінтоўкі з адкрытым прыцэлам, а там стралялі з закрытым. Пазней нам сказалі, што мы супернічалі са школамі, дзе былі кадэцкія класы, у якіх займалася больш вучняў, чым ва ўсёй нашай школе. Гэта выклікала яшчэ большы гонар.

Акрамя заняткаў у ВПК, юнак — аматар спорту, выступае за каманду раёна на абласных спаборніцтвах па хакеі. Кажа, што заняткі з “віцязямі” вучаць працаваць у камандзе:

— Калі ты проста глядач, то здаецца, што ўсё вельмі лёгка. Але потым зразумеў, што гэта вынік доўгіх карпатлівых трэніровак. Патрэбна сачыць за кожным, хто стаіць побач, каб атрымалася выканаць элемент сінхронна. Так ты амаль фізічна вучышся адчуваць сваіх таварышаў. І гэтае ўменне я стараюся выкарыстоўваць і ў хакеі. Гэта гульня, якая патрабуе каманднай работы, дзе вынік залежыць ад умення адчуваць адзін аднаго.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара