У вёсцы Беразавец асвяцілі крыніцу ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца
У вёсцы Беразавец Турэцкага сельсавета праведзена асвячэнне крыніцы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца. Крыніца знаходзіцца недалёка ад старадаўніх руін царквы Святой Жываначальнай Троіцы.
22 мая ў праваслаўным календары адзначана дата — перанясенне мошчаў свяціцеля Мікалая Цудатворца з Мірлікійскіх (тэрыторыя Турцыі) у італьянскі г. Бары. Менавіта ў гонар святога названа крыніца ў вёсцы Беразавец. Як сцвярджаюць старажылы населенага пункта, з даўніх часоў гэтая вада лічылася лячэбнай, за ёй прыязджалі здалёк, і вада дапамагала ад хваробы вачэй.
За крыніцай зараз ажыццяўляе догляд сям’я Шарайко: Людміла Іванаўна (карэнная жыхарка) і яе муж Міхаіл Фёдаравіч. Яны жывуць у вёсцы другі год і даглядаюць 96-гадовую матулю Ганну Іванаўну Вярбіцкую. Як паведалі руплівыя гаспадары, раней каля крыніцы расла вярба-ахоўніца, і вада не зелянела. Калі дрэва не стала, на калодзедж зрабілі накрыўку. Вада зараз чыстая, як сляза.
— Абуладкаваць гэтае месца трэба з густам і дыхтоўна, — адзначыў благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса. — Вызначыць, дзе ўстанавіць ікону Мікалая Цудатворца, а таксама абмеркаваць пытанні ўстаноўкі крыжа. Каб кожны, хто будзе прыходзіць ці прыязджаць па ваду ў крыніцу, змог памаліцца святому і папрасіць яго аб дапамозе.
Мікалай Орса асвяціў крыніцу і прачытаў малітву. «Да пустога калодзежа па ваду не ходзяць. Мы сёння ўшаноўваем Мікалая Цудатворца, нашага заступніка і памочніка, які па нашай веры і нашай малітве прыходзіць нам на дапамогу», — сказаў святар.
Вернікі вёсак Беразавец і Крынкі выказалі словы ўдзячнасці благачыннаму. «Вядзіце нас па шляху выратавання», — прасілі прысутныя святара падчас сустрэчы. Яны выканалі цудоўную песню, у якой былі такія павучальныя словы: «Калі пойдзеш у Божы храм з трыма паклонамі, запалі свечку…».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ