В учреждениях образования Кореличского района начался ремонт к новому учебному году
З 12 чэрвеня ўсе ўстановы адукацыі Карэліцкага раёна пачнуць актыўна рыхтавацца да новага 2023/2024 навучальнага года.
Не паспеў празвінець апошні званок, а ва ўстановах адукацыі часу для рэлаксу няма, тут актыўна пачынаюць рыхтавацца да новага навучальнага года. Фронт работ шырокі: правесці бягучы альбо капітальны рамонт, набыць неабходныя для навучання сродкі, добраўпарадкаваць тэрыторыю.
Як паведаміла начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч, ва ўсіх установах адукацыі раёна будзе праведзены бягучы рамонт вучэбных класаў, санвузлоў, калідораў, харчаблокаў, спартыўных залаў. Добраўпарадкаванне закране і школьныя дваровыя тэрыторыі: агароджы, адмосткі, стадыёны і, безумоўна, кветнікі.
Грашовыя сродкі на ажыццяўленне рамонтных работ паступяць з раённага бюджэту, пазабюджэтнага фонду ўстаноў адукацыі, а таксама будзе прыцягнута спонсарская дапамога.
Больш аб’ёмныя работы адбудуцца ў ДУА “Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы”, дзе ў калідоры першага паверха з’явіцца падвясная столь, затым будзе мадэрнізавана аўтаматычная пажарная сігналізацыя. У ДУА “Дзіцячы сад № 1 г.п. Карэлічы” плануецца частковы рамонт фасада будынка, афарбоўка даху, устаноўка новай агароджы. Адрамантуюць дах і будынак у Лукскай сярэдняй школе. У Красненскай СШ ужо ідзе ўкладка пліткі на ганку, такія ж работы чакаюцца і ў двух санвузлах, таксама плануецца рамонт даху. Вялікі аб’ём работ намечаны па рамонце вентыляцыі ў сярэдняй школе № 2 райцэнтра.
Згодна з раённым планам “Перааснашчэнне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў ва ўстановах адукацыі на 2021-2023 гады” ў дзіцячым садзе № 1 г.п. Карэлічы будуць заменены дзве электрапліты, а таксама набыта пасудамыйная машына для Райцаўскай школы.
Да 5 жніўня ўсе ўнутраныя, а да 10 жніўня знешнія работы ва ўстановах адукацыі павінны быць завершаны. З 10 па 12 жніўня камісіі, створаныя загадам аддзела адукацыі, правядуць прыёмку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года.
Кацярына КУКАНАВА