В Кореличском РОЧС подвели итоги служебной деятельности за первое полугодие

Карэліцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях падвёў вынікі службовай дзейнасці за першае паўгоддзе 2023 года. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік начальніка ўстановы «Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» Віктар Кеса, старшыня Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Генадзій Шатуеў і намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан.

За лічбамі — вынікі дзейнасці

За 6 месяцаў 2023 года падраздзяленні Карэліцкага РАНС 39 разоў выязджалі на ліквідацыю пажараў і надзвычайных сітуацый, з іх тры выезды былі ў пасёлках гарадскога тыпу і 36 — у сельскай мясцовасці.  У выніку работы падраздзяленняў папярэджана знішчэнне агнём 10 пабудоў, адной адзінкі тэхнікі.

За бягучы перыяд адбылося 11 узгаранняў сухой расліннасці, 16 гарэнняў смецця і стравы, 7 выездаў на спрацоўку сігналізацыі, ліквідавана 29 гнёзд джаланосных насякомых, 23 дапамогі аказаны насельніцтву.

Перамогі ў спорце радуюць

Па выніках спартакіяды ўстановы «Гродзенскае абласное ўпраўленне МНС» раён займае 4-ае месца ў вобласці сярод аддзелаў трэцяй катэгорыі.

У конкурсе «Лепшы вадзіцель падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Гродзенскай вобласці» камандзе Карэліцкага РАНС было аддадзена 2-ое месца. У індывідуальным конкурсе на пажарна-аварыйна-выратавальным аўтамабілі АЦ 5,0-50/4 (5337) 2-е месца дасталася прапаршчыку ўнутранай службы, старшаму вадзіцелю ПАВЧ № 1 Карэліцкага РАНС Дзмітрыю Ракачу.

Радуюць і перамогі ў спартыўных спаборніцтвах па лыжных гонках (другое месца), у чэмпіянаце па стральбе з табельнай зброі (трэцяе), у турніры па міні-футболе (першае), у спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе (трэцяе).

Першае выніковае месца заняла каманда РАНС у спаборніцтвах па ліквідацыі надзвычайных сітуацый у высотных будынках.

Кадры вырашаюць усё

Гэты лозунг з савецкіх часоў актуальным застаецца і па сённяшні дзень. Штатная колькасць аддзела па стане на 1 ліпеня бягучага года складае 90 адзінак (18 — сярэдні і старэйшы начальствуючы састаў, 70 — радавы і малодшы начальствуючы, адзін — рабочыя і служачыя і адзін — дзяржаўны служачы).

Адзін з накірункаў дзейнасці ў першым паўгоддзі — работа па камплектаванні вакантных пасад. На працягу года на работу прыняты вадзіцель, старшы інструктар-выратавальнік, два выратавальнікі-пажарныя.

Прагучалі актуальныя пытанні

Атрымалася шчырая і адкрытая размова паміж прадстаўніком абласнога ведамства, мясцовай уладай і супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Былі ўзняты актуальныя пытанні, якія заслугоўваюць увагі і знаходзяцца пад кантролем.

Старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў адзначыў, што свой працоўны дзень пачынае са знаёмства з навінамі на сайце Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС. «Прапаганда — аснова бяспекі і захавання жыццяў грамадзян. Важна таксама нераўнадушша выратавальнікаў-пажарных і грамадзян», — рэзюмаваў кіраўнік раёна. У сваю чаргу намеснік начальніка ўстановы «Гродзенскае абласное ўпраўленне Міністэрства па назвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» Віктар Кеса лічыць, што пры надзвычайнай сітуацыі людзі не павінны панікаваць, а перад сродкамі масавай інфармацыі ставіцца задача даваць грамадзянам аператыўную і дакладную інфармацыю.

На нарадзе былі ўзняты пытанні  бяспекі падчас уборачнай кампаніі, на што Генадзій Шатуеў адзначыў, што заўсёды знаходзіцца на баку выратавальнікаў, якія імкнуцца наводзіць парадак на месцах.

Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан у прамове надаў пэўную ўвагу прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці і выказаў упэўненасць, што ў далейшым гэтаму будзе ўдзяляцца вялікая ўвага, і трэба даносіць да людзей неабходныя звесткі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ і Вольгі АЛЯШКЕВІЧ