Выратавальнік Карэліцкага РАНС Кірыл Шпарло: «Мы рызыкуем дзеля іншых людзей, робім годную справу»
Выратавальнік-пажарны — гэта не проста прафесія, гэта прызванне. Гэтыя людзі гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу і выратаваць жыццё чалавека. 25 ліпеня супрацоўнікі МНС усёй краіны адзначаюць не проста прафесійнае свята. Сёлета пажарнай службе Беларусі спаўняецца 170 гадоў. Напярэдадні юбілею мы пагаварылі з самым маладым выратавальнікам Карэліцкага РАНС 21-гадовым Кірылам Шпарло.
Юнак сустрэў нас каля ўваходу ў аддзел. Ветлівая ўсмешка, вочы з агеньчыкам. У гутарцы прызнаўся: раней і не думаў, што стане выратавальнікам:
— Не было ў мяне ў дзяцінстве такой мары. Аб тым, каб пайсці ў МНС, задумаўся падчас тэрміновай службы. Пасля арміі паставіў сабе мэту стаць выратавальнікам і пастараўся выканаць яе. Пайшоў на курсы ва Універсітэт грамадзянскай абароны, скончыў іх і ўжо год служу ў аддзеле.
Кірыл лічыць службу ў МНС адной з самых ганаровых:
— Мы выратоўваем людзей, робім годную справу. Выратавальнікі — самаадданыя людзі, якія гатовы рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць іншых. Да таго ж у нас вельмі дружны калектыў, што таксама важна.
Першы баявы выезд Кірыла здарыўся ў навагоднюю ноч, гарэў гараж на дзве машыны. Юнак успамінае, што ў першыя імгненні адчуваў страх:
— Зімовая ноч. Еду і бачу слуп агню, які ўзвышаецца над вёскай. Калі мы пад’ехалі, у гаражы выбухнуў балон. Скажу шчыра, адразу было страшна. Але я разумеў, што трэба выконваць сваю працу. Таксама адчувалася падтрымка старэйшых калег. Страх адышоў, на яго месца прыйшла рашучасць.
Напярэдадні свята Кірыл жадае сваім калегам смеласці, разважлівасці, адвагі. Ведаць сваю справу і ісці да канца. А галоўнае — сухіх рукавоў.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара