В Кореличском районе в первом полугодии демографическая ситуация улучшилась
У першым паўгоддзі бягучага года дэмаграфічная сітуацыя ў Карэліцкім раёне палепшылася. Пра гэта паведаміў старшыня Савета па дэмаграфічнай бяспецы, намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан на пасяджэнні Савета па дэмаграфічнай бяспецы ў Карэліцкім раёне.
Загадчык Карэліцкай паліклінікай Вольга Орсіч адзначыла, што нараджальнасць у раёне павялічылася ў параўнанні з першым паўгоддзем 2022 года з 36 чалавек да 50. Паказчык смяротнасці знізіўся з 228 чалавек да 207. Сярэдні ўзрост памерлых зменшыўся да 75,3 года, пры гэтым жанчын — 79,4, мужчын — 71. У мінулым годзе сярэдні ўзрост памерлых склаў 75,4 года, жанчын — 80,9, мужчын — 67,6. Знізілася і колькасць памерлых у працаздольным узросце з 40 да 36 чалавек. У ліку прычын смяротнасці — хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, ішэмічная хвароба сэрца, анкалогія.
— Людзі мала ўвагі надаюць здароваму ладу жыцця. Аднак бачацца і недапрацоўкі медыцыны ў пытаннях правядзення прафесійных аглядаў, дыспансерызацыі і некаторыя іншыя, — адзначыў Яўген Чычкан.
На пасяджэнні Савета абмеркавалі меры па прафілактыцы гібелі людзей на пажарах, па абароне дзяцей у сацыяльна небяспечных сем’ях, а таксама ход рэалізацыі прафілактычнага праекта «Здаровыя гарады і пасёлкі», які функцыянуе на тэрыторыі гарпасёлкаў Карэлічы і Мір.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара