В Кореличах водители школьных автобусов посоревновались в профессиональном мастерстве
16 жніўня ў Карэлічах адзінаццаць прэтэндэнтаў на перамогу сустрэліся на спецыялізаванай пляцоўцы, каб паспрабаваць свае сілы ў майстэрстве кіравання школьным аўтобусам. Наколькі будзе бяспечным шлях вучняў школ да ведаў, разам са спецыялістамі ацаніла карэспандэнт газеты “Полымя”.
Напасрэдна перад пачаткам спаборніцтваў супрацоўнікі МА ДАІ Навагрудскага РАУС, прадстаўнікі транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці і работнікі ДУ “Карэліцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” праверылі стан школьных аўтобусаў.
Падчас агляду супрацоўнікамі ДАІ і транспартнай інспекцыі ў вадзіцеляў аўтобусаў праверылі наяўнасць вадзіцельскіх пасведчанняў, дзеючых медыцынскіх даведак аб дазволе кіравання аўтобусамі і страхавых пасведчанняў. Работнікаў санэпідэмслужбы перш-наперш цікавілі аптэчкі, наяўнасць дэзсродкаў і выкананне нормаў СанПіНа пры перавозцы дзяцей.
Выяўленыя нязначныя недахопы выпраўляліся на месцы.
Перад пачаткам конкурсу старшы дзяржінспектар МА ДАІ Навагрудскага РАУС Аляксандр Палуян адзначыў, што конкурс на лепшага вадзіцеля аўтобуса стаў выдатнай магчымасцю прадэманстраваць сваё майстэрства і навыкі акуратнага кіравання, а таксама падзяліцца вопытам. Яго мэтай сталі прапаганда ведаў правіл дарожнага руху і няўхільнае іх выкананне, развіццё ўменняў бяспечнага кіравання. Умовы конкурсу былі наступныя: вырашыць тэарэтычныя задачы па білетах ПДР і паспяхова прайсці шэраг практыкаванняў. Для вадзіцеляў на аўтадроме не было нічога новага — яны кожны дзень здзяйсняюць такія манеўры. Сярод элементаў — заезд заднім ходам у бокс, пад’езд да пляцоўкі пасадкі-высадкі дзяцей і пад’ём на эстакаду. Усё гэта выглядала эфектна, таму цікавасць назіральнікаў была цалкам апраўданая.
У кожным конкурсе ёсць свае пераможцы — і гэты стаў не выключэннем.
Па выніках прафспаборніцтва першае месца атрымаў вадзіцель Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Мікалай Свірыд, на другім месцы — Аляксандр Крапіўніцкі з Лукскай СШ, на трэцім — Сямён Кузьміч з СШ № 2 г.п. Карэлічы. Добра паказалі сябе ў практычнай частцы конкурсу Віктар Сцяпко з СШ № 1 райцэнтра, Мікалай Кохан з Красненскай СШ і Андрэй Загарэўскі з СШ г.п. Мір.
Мерапрыемства, арганізатарам якого выступіў адзел адукацыі Карэліцкага райвыканкама, паказала, што падобных аглядаў вадзіцельскага майстэрства не хапала ў мінулыя гады. Цяпер арганізатары спадзяюцца, што конкурс на званне лепшага вадзіцеля школьнага аўтобуса стане добрай традыцыяй перад пачаткам навучальнага года.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара