Строительная бригада СПК «Свитязянка-2003» хоть и небольшая, но обслуживает всю территорию сельхозкооператива
Будаўнік – адна з вечных прафесій, яна ва ўсе часы была, ёсць і будзе запатрабаванай. Рукамі людзей гэтай прафесіі ўзводзяцца дамы, будынкі, збудаванні, якія служаць людзям на працягу многіх гадоў, добраўпарадкоўваюцца гарады і вёскі, ствараюцца ўмовы для камфортнага жыцця насельніцтва.
Напярэдадні прафесійнага свята сустрэлася з прадстаўнікамі будаўнічай брыгады сельгаспрадпрыемства “Свіцязянка-2003”, якую з 2017 года ўзначальвае Дзмітрый Буцкевіч. Прыйшоў ён працаваць у гаспадарку ў 2013 годзе пасля заканчэння Навагрудскага аграрнага каледжа па спецыяльнасці “тэхнік-будаўнік”. Ішоў час, уменні і навыкі ўдасканальваліся, і зараз гэта граматны, адукаваны кіраўнік, які ні на хвіліну не ўсумніўся ў выбары прафесіі і лічыць, што будаўнік – самая мірная і стваральная прафесія. Яна становіцца справай жыцця тых, хто больш за ўсё шануе стабільнасць і мір, гатовы дарыць людзям вынікі сваёй нялёгкай працы.
– У брыгадзе сельгаспрадпрыемства адзінаццаць чалавек. Яны выконваюць самыя разнастайныя работы на розных аб’ектах гаспадаркі. Гэта і працы па закладцы падмурка, і па ўзвядзенні або рамонце даху. Работа адказная і патрабуе не толькі ўважлівасці і асцярожнасці, але і фізічных сіл, – кажа Дзмітрый Іванавіч. – Сярод работнікоў ёсць вельмі адказныя і добрасумленныя. Павел Карчык, адзін з лепшых працаўнікоў брыгады, яе старажыл. Па прафесіі сталяр, усё жыццё адпрацаваў у калгасе. Займаўся рознай справай, але па-сапраўднаму знайшоў сябе ў будаўніцтве. Ён майстар справы, з лёгкасцю спраўляецца з любым відам работ і карыстаецца павагай у калектыве.
– Хоць па прафесіі я не будаўнік, але справа, якую давялося асвоіць, мне па душы. Калі трэба, магу быць і маляром, і тынкоўшчыкам, і мулярам, – распавядае Аляксей Хамко і працягвае: – Прыемна сваімі рукамі ствараць камфорт. А яшчэ гэтая прафесія трохі творчая, бо нават сцяну трэба ўмець фарбаваць правільна. Добра, калі памяшканне толькі будуецца, а вось са старымі аб’ектамі складаней. Аднак па меры таго, як рухаецца работа на аб’ектах, адчуваеш радасць і гонар, што гэта зрабілі мы.
Міжволі ўзнікае пачуццё павагі да будаўнікоў-прафесіяналаў, якія маюць залатыя рукі. Дзякуючы іх працы людзі маюць камфортнае жыллё, аб’екты сацыяльнага прызначэння, а нашы населеныя пункты становяцца больш прыгожымі і ўтульнымі. І як не павіншаваць гэтых людзей-стваральнікаў з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця і, вядома ж, новых працоўных поспехаў.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара