Продолжаем рассказ о воспитанниках военно-патриотического клуба «Витязь» Кореличского района

Працягваем рубрыку “Віцязі ў страі”, дзе расказваем пра ўдзельнікаў ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Лукскай СШ.

Дзесяцікласнік Ягор Пасталоўскі дакладна памятае, што “віцязяў” упершыню ўбачыў у трэцім класе.


— Тады быў мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, і ўдзельнікі клуба стаялі каля помніка ў каравуле, — успамінае юнак. — Я з захапленнем глядзеў на іх, мне спадабалася іх форма, выпраўка, знешні выгляд. На наступны дзень па тэлевізары паказвалі Парад Перамогі ў Мінску, і я правёў паралелі. Мне стала зразумела, што тыя прыгожыя салдаты, якіх паказвалі на экране, навучыліся выпраўцы менавіта ў такім клубе. Таму мне таксама захацелася паспрабаваць, у пятым класе я запісаўся ў клуб.
Ягор расказвае, што цікавіцца гісторыяй, таму заняткі наведвае ў многім з-за гэтага:
— Мне падабаецца глядзець навукова-папулярныя ролікі на гістарычную тэму, аднак там расказваюць агульную гісторыю нашай краіны, у лепшым выпадку — вобласці. Мне ж хочацца больш даведацца аб нашай маленькай радзіме. Уладзімір Уладзіміравіч ведае шмат цікавага пра гісторыю нашага краю. Зразумела, пра гэта можна прачытаць у кнігах, аднак там факты падаюцца суха, нецікава. Уладзімір Уладзіміравіч жа расказвае аб гэтым простымі словамі, у яго ёсць цікавыя кнігі і гістарычныя дакументы, ён сустракаўся з тымі, хто памятаў аб гэтых падзеях. Напрыклад, у пакоі Баявой славы захоўваецца сшытак з успамінамі Антона Іосіфавіча Жыўня, нашага земляка, які падчас Другой сусветнай вайны прайшоў усю Еўропу і вярнуўся дадому з ордэнамі і медалямі.
Ягор быў адным з тых, каму выпаў гонар выносіць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь на раённым свяце, прысвечаным Дню Перамогі. У гэты момант яго перапаўнялі найлепшыя эмоцыі:
— Выносіць Сцяг Беларусі на такім мерапрыемстве — вялікі гонар. Па-першае, гэта адзін з галоўных сімвалаў дзяржавы, і позіркі людзей былі засяроджаны на ім. Па-другое, адбывалася гэта на адным з галоўных дзяржаўных святаў, і я, зразумела, хваляваўся. Выносіў яго разам з прадстаўнікамі міліцыі, следчага камітэта, пракуратуры, ратавальнікамі. Зразумела, што я імкнуўся зрабіць усё як мага больш акуратна.
Юнак прызнаецца, што наведвае клуб з-за таго, што тут можа развівацца, даведвацца нешта новае. Гэта дапамагае яму і ў вучобе: Ягор каторы год запар атрымлівае стыпендыю за высокія вынікі ў навучанні.


Дзіяна Дзівісенка вырашыла, што абавязкова стане “віцязем” яшчэ ў першым класе:
— Старшакласнікі часта расказвалі, як цікава ў клубе. Мне падабаліся іх апавяданні пра турыстычныя паходы, экскурсіі і спаборніцтвы. Таму я вырашыла, што абавязкова буду ўдзельнічаць ва ўсім гэтым, стану часткай гэтага руху, часткай каманды.
Дзяўчына расказвае, што ёй вельмі падабаюцца экскурсіі і паходы, у якія ездзяць “Віцязі”:
— Мы часта наведваем у ваенныя часці. Вельмі цікава паглядзець на тое, як жывуць салдаты, як праходзяць іх заняткі. Напрыклад, мінулым летам мы ездзілі ў Слонім. На тэрыторыі часці ёсць незвычайны музей ваеннай формы розных краін. Экскурсавод захапляюча расказваў пра гісторыю савецкай і беларускай ваеннай формы. Акрамя гэтага, мы “пакаталіся” на трэнажорах для падрыхтоўкі танкістаў, можна сказаць, што кожны жадаючы змог пракаціцца на жалезным кані, аказваецца, гэта не так проста.
З усіх паездак дзяўчыне найбольш запомнілася экскурсія па 61-й авіяцыйна-знішчальнай часці ў горадзе Баранавічы, дзе знаходзіцца музей першага Героя Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Карвата.
— Калі мы прыязджаем у часць, там заўжды паказваюць, як разбіраць аўтамат і прапануюць нам паспрабаваць зрабіць гэта. Цікава назіраць за здзіўленымі тварамі салдат, калі нашы хлопчыкі пачынаюць разбіраць зброю на хуткасць альбо з заплюшчанымі вачыма.
Найбольш цікавымі заняткамі ў клубе Дзіяна лічыць страявую падрыхтоўку.
— Мне вельмі пасуе парадная форма. Калі я ў ёй, мне падаецца, што яна пашыта спецыяльна на мяне. Да таго ж, маёй матулі таксама гэта падабаецца.
У клубе дзяўчына даведалася шмат пра армію:
— Карысна разбірацца ў воінскіх званнях, ведаць гісторыю арміі, сучасную тэхніку, якую выкарыстоўваюць нашы вайскоўцы.
Аднакласнік Ягора і Дзіяны Ілья Фурс прыйшоў на заняткі ўслед за старэйшым братам Ванем:


— Ён прыязджаў дадому з паездак і заўсёды расказваў, як цікава там было. Так я і захапіўся. Калі было цёплае надвор’е, ездзілі на роварах, а потым на заняткі нас прывозіла матуля.
Кіраўнік клуба Уладзімір Матусевіч кажа, што Ілья, хоць і жыве ў другой вёсцы, не прапускае заняткі, і называе яго адным з самых дысцыплінаваных і адказных сваіх вучняў. Настаўнік адзначае, што бацькі хлопчыка прывозяць і забіраюць, падтрымліваюць юнака ў імкненні займацца ў клубе, а падтрымка бацькоў — гэта вельмі важна:
— Ілья з тых дзяцей, хто заўжды гатовы дапамагчы, прыняць удзел у спаборніцтвах, паехаць на экскурсію. Калі выезд на мерапрыемства ў суботу ў 8 раніцы, я ўпэўнены, што ў палове восьмай ён ужо будзе гатовы, — кажа настаўнік.
Адным з самых цікавых мерапрыемстваў для хлопчыка стала паездка ў Мінск, дзе “віцязі” гулялі ў лазертаг — камандную тактычную гульню з выкарыстаннем бяспечнай лазернай зброі і сэнсараў, якія фіксуюць, куды трапіў стралок. Таксама яму імпануюць экскурсіі ў воінскія часці.
— На авіяцыйнай базе ў Баранавічах нам паказалі трэнажор для лётчыкаў і дазволілі паспрабаваць палятаць на ім, — расказвае Ілья. — Насамрэч кіраваць самалётам няпроста, але ў нас атрымалася здзейсніць віртуальны палёт над Карэліцкім раёнам. Таксама мне вельмі спадабаўся музей, створаны на базе Лідскага пагранічнага атрада. Сярод мноства экспанатаў там прадстаўлены самаробныя беспілотнікі, якія выкарыстоўвалі кантрабандысты, каб пераправіць свае тавары праз дзяржаўную мяжу.
— Заняткі ў клубе — гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў ваеннай справе, адчуць, што гэта такое. Больш за ўсё люблю разборку-зборку аўтамата. Гэта дазваляе даведацца, як працуе зброя, вучыць сачыць не толькі за аўтаматам, але і за сваімі ўласнымі рэчамі, напрыклад, за роварам. Ты разумееш, што лягчэй знайсці час, каб змазаць і падцягнуць неабходныя дэталі, чым потым некалькі кіламетраў ісці пешшу з-за таго, што ў цябе парваўся ланцуг.
Акрамя заняткаў страявой падрыхтоўкай і працы са зброяй, удзельнікі клуба займаюцца краязнаўчай, пошукавай і навукова-даследчай дзейнасцю, вывучаюць гісторыю сваёй маленькай радзімы. Асноўным сродкам гэтай работы з’яўляецца збор краязнаўчага матэрыялу, успамінаў сведкаў і аднаўленне рэальных ваенна-гістарычных падзей Першай і Другой сусветных войнаў. “Віцязі” ходзяць у краязнаўчыя экспедыцыі, турыстычныя паходы, ездзяць на экскурсіі ў Хатынь, на Курган Славы, Лінію Сталіна, у музей Вялікай Айчыннай вайны, Брэсцкую крэпасць. Вынікамі навукова-даследчай работы сталі дыплом 1-й ступені на ІІІ Рэспубліканскім маладзёжным конкурсе, прысвечаным 60-годдзю Перамогі народаў СССР у Вялікай Айчыннай вайне; дыплом 3-й ступені на абласным конкурсе даследчых работ “Крыштальная альфа”; дыплом 1-й ступені на раённай наукова-даследчай канферэнцыі навучэнцаў і інш. Наведваюць удзельнікі клуба і ваенныя часці, з якімі ўстанова адукацыі падтрымлівае сувязі: авіяцыйна-знішчальная база № 61 у Баранавічах, 11-я гвардзейская механізаваная брыгада горада Слоніма, 120-я гвардзейская Рагачоўская асобная механізаваная брыгада. Так, падчас наведвання 11-й гвардзейскай механізаванай брыгады экскурсію праводзіў выпускнік Лукскай СШ і клуба “Віцязь” Яўген Ваўчок, які пасля заканчэння Ваеннай акадэміі праходзіць там службу.

Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара

1