Пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Віктар Шніп і Святлана Кошур дзеляцца ўражаннямі ад міжрэгіянальнага фестывалю “ПРОдвижение книги. Библиотечные ступени»

У Карэлічах прайшоў міжрэгіянальны фестываль “ПРОдвижение книги. Библиотечные ступени».

@korelichi_news #пісьменнікібеларусі #беларускіцікток #belarus🇧🇾 ♬ оригинальный звук — old.polymia.by

@korelichi_news #belarus🇧🇾 #беларускіцікток #пісьменнікібеларусі ♬ оригинальный звук — old.polymia.by


Фестываль праводзіцца на Карэліччыне ўжо чацвёрты раз. Сёлета на мерапрыемства сабраліся вядомыя беларускія пісьменнікі, прадстаўнікі выдавецтваў “Адукацыя і выхаванне”, “Мастацкая літаратура” і выдавецкага дома “Звязда”, а таксама супрацоўнікі бібліятэк Карэліцкага, Навагрудскага, Нясвіжскага, Ляхавіцкага і Воранаўскага раёнаў.

На адкрыцці фестывалю выступіў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама старшыня РА Беларускай партыі “Белая Русь” Яўген Чычкан, які адзначыў, што кожная кніга — асобнае цуда, дзякуючы якому чалавек даведваецца новае і цікавае.

Адбыліся на фестывалі і сустрэчы са знакамітымі пісьменнікамі. Перад юнымі карэліччанамі выступілі беларускія аўтары Уладзімір Ліпскі, Дзмітрый Кашавар, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Дзмітрый Мікалаеў, Віктар Шніп, рэдактар часопіса “Рюкзачок” Юлія Еўдакімава.

У гэты час супрацоўнікі бібліятэк прадстаўлялі свае ўстановы на прэзентацыі бібліятэчных пляцовак у трох намінацыях: “Бібліятэка як брэнд”, “Прасоўванне бібліятэкі ў сацыяльных сетках”, “База дадзеных уласнай генерацыі”.

У завяршэнні мерапрыемства адбылася прэзентацыя кнігі “Праз паціну часу. Сцежкамі Свіцязянскай зямлі”, якая належыць пяру члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, краязнаўцы Святланы Кошур.

На фестывалі выступіў беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі. На сустрэчу з Уладзімірам Сцяпанавічам прыйшла самая патрабавальная публіка — выхаванцы дзіцячых садкоў райцэнтра. Працаваць з дзецьмі пісьменніку не прывыкаць — з 1978 года ён быў галоўным рэдактарам часопіса “Вясёлка”, з 1988 года — старшынёй праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, пасля — прэзідэнтам Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Пасля выступлення Уладзімір Сцяпанавіч падзяліўся ўражаннямі ад Карэліччыны і мясцовай публікі:

— Я бываў тут раней, і мне гэта запала ў памяць. Я пісаў раман “Цар” пра Марыну Мнішак і Ілжэдзмітрыя, даследаваў дарогу Марыны, калі яна ехала вясной 1606 года на каранацыю, дзе начавала. Аказалася, што яна ў адзін з дзён спынялася ў вашай вёсцы Цырын. Я прыехаў у Карэліцкую бібліятэку, мяне завезлі ў гэтую вёску, і мне так запомніліся тыя мясціны, што напісаў цэлы раздзел пра Цырын. Тады я запомніў у першую чаргу бібліятэку і бібліятэкараў, якія яны паважлівыя людзі, як любяць свае мясціны. Запомніў школу, дзе выступаў. Больш таго, я напісаў для дзяцей кніжку пра Гродзеншчыну “Вясёлка над Нёманам”, там ёсць раздзел пра Карэліцкі раён з гербам і картай.

Расказаў Уладзімір Сцяпанавіч і пра сваё жыццёвае крэда:

— Пісьменнік павінен многа ведаць, шмат ездзіць, неспакойным павінен быць. Таму ў мяне цяпер ёсць такое жыццёвае крэда: “Беражыце секундную стрэлку”. Я з радасцю прымаю прапановы вандровак, гэта заўсёды знаёмствы. Вось сёння тут дзіцячы садок. Нешта асядзе ў іх душы ад сустрэчы, не можа быць, каб нічога не засталося. Я ініцыятар стварэння часопіса “Буся”, 43 гады быў галоўным рэдактарам “Вясёлкі”. Цяпер я там старшыня рэдкалегіі, але самая галоўная мая там пасада — жывы экспанат у музеі “Вясёлкі”, — жартуе пісьменнік. — Прыходзяць дзеткі, сустракаюся з імі. Я люблю дзяцей. Гэта не проста маленькія людзі, што сядзяць з касічкамі, боўтаюць ножкамі, гэта наш заўтрашні дзень. Я думаю, самае галоўнае, каб кожны чалавек, на любой пасадзе, нешта рабіў для іх, каб нешта ўдыхнуць у іх душу, развіць мускулы душы з дапамогай кнігі, харошай казкі, добрага слова — вось задача нас усіх, і біёлагаў, і пісьменнікаў, і кіраўнікоў. Гэта наш скарб — дзеці. Яны ўсіх нас заменяць, як бы мы не хацелі, тое, што мы ў іх сёння ўкладзём, атрымаем заўтра. Мне здаецца, што ў гэтай працы мы павінны быць нястомнымі, карпатліва, з настроем ісці да іх, бачыць іх вочы, пажаданні. Я выступаў у адным з дзіцячых садкоў у Мінску, дзеткі гулялі, я сеў у крэсла, і да мяне падбег хлапчук і кажа: “Патрымайце мяне на ручках”. Так крануў мяне! Значыць, ён ад усёй грамады выказаў сваю падзяку. Гэта і ёсць вышэйшая ўзнагарода дзіцячаму пісьменніку.

Сваімі ўражаннямі ад фестывалю падзяліўся намеснік дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура”, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, пісьменнік Віктар Шніп:

— Я быў на ўсіх фестывалях кнігі, якія праводзіліся на Карэліччыне. Ведаеце, гэта сапраўднае свята. Гэта вельмі добра, што яно праводзіцца супрацоўнікамі бібліятэкі і падтрымліваецца раённым кіраўніцтвам. Было б вельмі цудоўна, каб такія святы праводзіліся ў кожным раёне нашай краіны. Кніга — гэта не толькі, як бы не было банальна, крыніца ведаў, крыніца нашай культуры, але яшчэ і наша багацце, пра якое не ўсе ведаюць. Гэты фестываль узбударажвае ўсіх, настройвае на чытанне. Гэты год названы Годам міру і стваральнай працы, і, едучы сюды, пазіраючы на чыстыя палі, дзе ўсё прыбрана, заарана, чыста, разумееш, што ў нашай краіне сапраўды пануюць мір і стваральная праца. І на палях, і ў культурных кропках, дзе жыве і ствараецца наша беларуская культура. Мне хацелася б, каб гэтае свята працягвалася і, паўтаруся, хацелася б, каб з гэтага фестывалю, які праводзіцца ў Карэлічах, бралі прыклад у іншых раёнах. Зразумела, што на ўсіх не хапіла б пісьменнікаў, — жартуе Віктар Анатольевіч. — Дарэчы, я вельмі ўдзячны, што запрашаюць. Зразумела, што гэтае свята можна было зладзіць сваімі сіламі, але нас запрашаюць, і мы з задавальненнем прыязджаем.

Падзялілася сваімі ўражаннямі ад фестывалю пісьменніца, краязнаўца, даследчыца гісторыі Карэліччыны Святлана Кошур:

— Вельмі рада, што прыняла ўдзел у такім мерапрыемстве, дзе прысутнічалі знакамітыя пісьменнікі з Мінска і Гродна, прадстаўнікі выдавецтваў. Рада, што фестываль ужо стаў добрай традыцыяй, што ў раёна ёсць сяброўскія сувязі з выдавецтвамі і пісьменнікамі. Таму, як кажуць, я дзвюма рукамі за тое, каб ён працягваўся.

На фестывалі прайшла прэзентацыя новай кнігі Святланы Андрэеўны “Праз паціну часу. Сцежкамі Свіцязянскай зямлі”:

— Мне было вельмі ганарова выступаць на гэтым фестывалі. Адна справа — напісаць кнігу, зусім іншая — прэзентаваць яе. Я пастаралася правесці для гасцей завочнае падарожжа па Карэліцкім і Навагрудскім раёнах, расказаць пра знакамітых людзей, чый лёс звязаны з нашым краем. Галоўная мая задача была ў тым, каб пазнаёміць людзей з кнігай, зацікавіць іх. Каб кожны неабыякавы да гісторыі роднага краю азнаёміўся з гэтай працай, якую старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, які пісаў да яе прадмову, назваў “выдатным працягам гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Карэліцкі раён”. Па выданні “можна складаць курс карэліччазнаўства”, які “варта выкладаць у школах Карэліч і Карэліцкага раёна”.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара