Геннадий Шатуев: «Подготовка животноводческих объектов к зимне-стойловому содержанию — задача номер один»
У Карэліцкім раёне працягваецца падрыхтоўка жывёлагадоўчых аб’ектаў да зімова-стойлавага ўтрымання дойнага пагалоўя. Гэты працэс старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў назваў задачай нумар адзін.
— Прадуктыўнасць дойнага статка ў першыя дні стойлавага ўтрымання шмат у чым залежыць ад захавання тэхналогіі пераводу яго на зімовыя кватэры. Трэба, каб жывёла паступова прывыкала да стойлавага рацыёну. Галоўнае — яна не павінна атрымаць стрэс. Працэс гэта не аднадзённы — што сёння кароў пасвілі, а заўтра паставілі ў памяшканні. Таму пастаноўка дойнага статка ў памяшканні заўсёды пачынаецца ў верасні, а значыць, і рыхтавацца да яе трэба загадзя, яшчэ летам. Чым хутчэй жывёлы адаптуюцца да новых умоў утрымання, тым менш будуць страты малака, — падкрэсліў кіраўнік раёна.
Сёння ў раёне функцыянуюць 53 жывёлагадоўчыя аб’екты, на якіх утрымліваецца амаль 38 тысяч галоў. Амаль 72% з іх гатовы прыняць пагалоўе на зімоўку. Працэс пераводу ўскладніўся з-за нядаўняга ўрагану, які абрынуўся на краіну і нанёс шкоду шматлікім жывёлагадоўчым аб’ектам. У дадзены момант ідзе аднаўленне дахаў малочнатаварных ферм і комплексаў.
На палях раёна працягваецца ўборка кукурузы і цукровых буракоў. Убрана 68% кукурузы, у тым ліку 80% на сілас пры ўраджайнасці 378 ц/га і 37% на зерне пры ўраджайнасці 112 ц/га. Тэмпы ўборкі перавышаюць леташнія. На 52% плошчаў убраны цукровыя буракі. Ураджайнасць складае 483 ц/га, што на 51 ц/га вышэй, чым у мінулым годзе. Не спыняецца і нарыхтоўка кармоў. На адну ўмоўную галаву атрымана 29,90 ц кармавых адзінак, што больш на 0,18 ц к. а., чым у мінулым годзе.
У раёне пачалася рэспубліканская прафілактычная акцыя » За бяспеку разам!», накіраваная на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Яўгена Чычкана, спецыялісты наведваюць грамадзян, якія злоўжываюць спіртным і чые дамы маюць рэпутацыю прытону. Асаблівая ўвага нададзена сацыяльна небяспечным сем’ям, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Так, на мінулым тыдні спецыялісты пабывалі ў дамах 61 такой сям’і, дзе выхоўваецца 194 дзіцяці.
Працягваецца кампанія па вакцынацыі ад грыпу і каранавіруса. На сённяшні дзень прышчэпку ад грыпу атрымала 6,4% жыхароў раёна.
Далажылі кіраўніку раёна і аб стане спраў у будаўніцтве. Так, малочнатаварная ферма «Востухава” ў СВК “Маяк-Заполле” будзе гатова да эксплуатацыі ў канцы лістапада бягучага года. Пасля рэканструкцыі пачалі функцыянаваць тры аб’екты, прафінансаваныя з абласной інвестыцыйнай праграмы. Гэта кацельні ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы і агр. Райца, а таксама аддзяленне гемадыялізу ў Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Абноўленая вуліца Першамайская ў г.п. Мір таксама неўзабаве прыме аўтамабілістаў і пешаходаў. Станцыя абезжалезвання ў вёсцы Радунь будзе гатова да работы ў кастрычніку бягучага года. Кацельня на вуліцы Гагарына ў райцэнтры гатова да ўстаноўкі абсталявання. Да 20 кастрычніка будзе завершаны капітальны рамонт дома па вул. 1 Мая ў г.п. Карэлічы.
Іна ЛЕЙКА