В Кореличах прошел «Парад сказочных мам»
У Карэлічах з нагоды Тыдня бацькоўскай любові праведзена святочная праграма «Парад казачных мам»
У актавай зале Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Тыдню бацькоўскай любові пад незвычайнай назвай «Парад казачных мам». Яе арганізатары — супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.
Мама — самы галоўны чалавек на зямлі. Усю сваю любоў яна аддае дзецям і любіць іх у любым узросце. Каб яшчэ яскравей паказаць яе веліч і дабрыню, былі выбраны незвычайныя героі — казачныя мамы. Удзельнікамі парада сталі Малпа, Кісуля, Любячая, Клапатлівая, Поні, Хросная, Жаба, Зайчыха, Царыца і іх казачныя дзеці.
Удзельнікі ўрачыстасці апынуліся ў казачнай краіне пад назвай Мамачка. Краіна ласкавая, цёплая, светлая і вялікая. Кветачка-вясёлка дапамагала падарожнічаць: былі наведаны загадкавая паляна, дзе адгадвалі загадкі. Матулі паказалі сваё веданне казак: называлі яе персанажаў. На паляне «Пунсовая кветачка» прынялі ўдзел у розных гульнях. Было вельмі весела і цікава.
Як аказалася, усе мы родам з дзяцінства. Дзецям і дарослым было прыемна на пэўны час апынуцца ў гэтай цудоўнай казачнай краіне. Дапамагалі вядучая, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ЦСАН Таццяна Каспяровіч і ўдзельнікі святочнай праграмы. Весела і на добрай пазітыўнай ноце праходзіла сустрэчы на розных чароўных казачных палянках, дзе казачныя героі весяліліся разам са сваімі мамамі.
На віншавальнай палянцы прайшоў святочны канцэрт. Выканаўцы цудоўных песень — Юрый Сянько, Вікторыя Лустач, Лілія Кудзіна, Генадзій Папко, Юлія Бында.
Да ўдзельнікаў урачыстага мерапрыемства звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Іна Богуш, якая адзначыла вялікую ролю сям’і і маці ў выхаванні дзіцяці. Свята паказала, як яны любяць чытаць казкі, якія вучаць дабру, і іх трэба чытаць. Іна Аляксандраўна выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто мае дачыненне да правядзення ўрачыстасці,— ад напісання сцэнарыя свята да выканання песні.
Добрую адзнаку далі мерапрыемству з нагоды Тыдня бацькоўскай любові дырэктар ЦСАН Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава і першы сакратар РК ГА «БРСМ» Аксіння Ждан.
Удзельнікам мерапрыемства былі ўручаны сертыфікаты, кветкі, салодкія прызы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ