У Карэлічах на семінары-нарадзе ідэолагі раёна разгледзелі шэраг актуальных тэм. Асноўная з іх — эканамічная бяспека
У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры ідэалагічны актыў раёна пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Генадзія Карпаленкі правёў свае чарговыя заняткі, на якіх абмеркаваны актуальныя тэмы.
Асноўная з іх — «Эканамічная бяспека — ключавая ўмова ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы». Па ёй слова трымаў намеснік старшыні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта Ігар Лазарэвіч. Прамоўца сканцэнтраваў увагу ідэолагаў не толькі на развіцці эканомікі дзяржавы, але і раёна за 9 месяцаў бягучага года.
Актуальнымі былі і дадатковыя тэмы адзінага дня інфармавання. Выконваючы абавязкі начальніка крымінальнага вышуку раённага аддзела ўнутраных спраў Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Кандыба расказаў аб мерах прафілактыкі і супрацьдзеяння экстрэмізму.
«Неасцярожнае курэнне. Піратэхніка. Тонкі лёд» — тэма выступлення начальніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзяніса Стадольніка.
Ідэолагі раёна абмяркуюць у сваіх калектывах тэмы адзінага дня інфармавання, і яны знойдуць водгук у сэрцах працаўнікоў раёна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Іны ЛЕЙКІ