У Карэліцкім раённым вузле паштовай сувязі праведзены Дзень падпісчыка на газету «Полымя»

24 лістапада журналісты раённай газеты «Полымя» завіталі на рённы вузел паштовай сувязі з нагоды Дня падпісчыка. Гэта важныя сустрэчы, якія дапамагаюць павялічыць кола падпісчыкаў і пачуць пажаданні ў адрас мясцовага выдання.

Лідзія Мікалаеўна ШЭЎКА,
ветэран працы, жыхарка г.п. Карэлічы:
— Цікавая газета. На заслужаным адпачынку яе магу прачытаць усю да драбніц, бо па-ранейшаму хочацца быць у курсе ўсіх падзей, якія адбываюцца ў раёне і краіне. Асабліва прывабліваюць артыкулы пра Карэліччыну. Хачу адзначыць своечасовасць і аператыўнасць, з якімі падаюцца матэрыялы. Жадаю калектыву раённай газеты «Полымя» больш падпісчыкаў і цікавых артыкулаў, а журналістам — моцнага здароўя і творчага натхнення.


Марыя Уладзіміраўна ПАЛУЯН,
член літаратурнага аб’яднання «Рэчанька»
пры раённай газеце «Полымя»:
— Мне падпіску робяць сыны, але сёння хачу выказаць свае адносіны да газеты «Полымя». Яна нясе інфармацыю аб вяскоўцах, падзеях у раёне і краіне. Асабліва люблю чытаць аповеды пра людзей нашага краю.
З гонарам чытаю пра дасягненні ААТ «Карэлічы-Лён», дзе адпрацавала чвэрць стагоддзя. Дзякую кіраўніцтву льнозавода за падтрымку працаўнікоў пенсійнага ўзросту. Удзячна за тое, што мае творы друкуюць на старонках раёнкі. Жадаю, каб газета добра адзначыла сваё 80-годдзе, мела шмат падпісчыкаў і чытачоў, а мы чакаем ад яе новых і цікавых тэм.


Давялося пагутарыць на Дні падпісчыка і з пенсіянеркай, жыхаркай аграгарадка Палужжа Марыяй Уладзіміраўнай Малашэўскай. Яна паведала пра тое, што доўгі час выпісвае раёнку і асабліва любіць чытаць навіны пра жыццё вяскоўцаў, бо ў свой час працавала жывёлаводам на ферме «Палужжа». Не абыходзіць увагай артыкулы пра Карэліцкі раён, віншавальную паштоўку, праграму тэлебачання. Пажадала калектыву раённай газеты «Полымя» ўсяго самага найлепшага ў працы і жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА