Как депутаты Жуховичского сельсовета Ольга Савко и Светлана Абламейко помогают людям

На жухавіцкай зямлі кожную вясну квітнее яблыневы сад, а ўлетку на палетках каласіцца збажына. Тут жывуць шчырыя і спагадлівыя людзі, якія любяць працаваць і ладзіць святы. Штодзённа дзеці спяшаюцца ў школу, у нядзелю — вернікі ў царкву. Жыццё ідзе сваёй чарадой, а хвалюючыя пытанні вяскоўцам дапамагаюць вырашаць народныя абраннікі — дэпутаты раённага і мясцовага Савета дэпутатаў.

Жыць, працаваць, гадаваць дзяцей.

Сустрэча першая

Бадай, няма чалавека, які б не ведаў Вольгу Фёдараўну Саўко. Яно і зразумела: працуе загадчыкам Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі трыццаць гадоў, на ўчастку — больш за 1500 чалавек. Як ні гаварыце, для сельскай мясцовасці гэта нямала, ды ўрач кожны дзень знаходзіцца сярод людзей і жыве іх клопатамі.

У свой час колішні старшыня Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў Лідзія Іосіфаўна Нагорная прапанавала ёй балаціравацца ў дэпутаты. Галоўнай прычынай для гэтага прадстаўнік мясцовай улады лічыла тое, што Вольга Фёдараўна працуе з людзьмі, яе паважаюць і ёй давяраюць. Гэта і пацвердзілася на справе: выбаршчыкі прагаласавалі за, і мясцовы ўрач была абрана дэпутатам Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў.

Вяскоўцы прыходзяць у амбулаторыю са скаргамі на здароўе. Слова за слова — і непрыкметна расказваюць аб сваім жыцці і хвалюючых праблемах. Зранку аўтобус сельгаспрадпрыемства дастаўляе землякоў на працу, і можна даехаць у медустанову, а вось вярнуцца дамоў куды больш складаней. Вольга Фёдараўна імкнецца ўвайсці ў становішча кожнага хворага, і медыкі выязджаюць па месцы жыхарства. Па яе меркаванні, здароўе — галоўная каштоўнасць для чалавека, і жартаваць з ім нельга. Гэта добра разумее як урач і як дэпутат, таму і імкнецца спалучаць прафесійныя абавязкі і дэпутацкія клопаты.

— Людзі ідуць з просьбамі напрамую да старшыні сельгаспрадпрыемства «Жухавічы» Дзмітрыя Дзмітрыевіча Янкоўскага, — гаворыць яна. —  Я таксама паспрабавала. Па звароце кіраўнік СВК дапамог абнавіць мэблю ў Жухавіцкай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Руку дапамогі  па гэтым пытанні працягнуў і індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Аркадзьевіч Шадрын.  Да таго ж мясцовы СВК дапамог набыць  камп’ютар і прынтар. «Усё гэта станоўча ўплывае на медыцынскае абслугоўванне пацыентаў. Дэпутат разам з кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства могуць вырашыць праблемы людзей», —  пераканана Вольга Фёдараўна. Разам з тым дадае, што Дзмітрый Дзмітрыевіч спагадлівы і нераўнадушны чалавек, з’яўляецца дэпутатам раённага і мясцовага Савета дэпутатаў.

— Задаволены выбаршчыкі ўладай, — прадаўжае субяседніца. — Галоўнае, што ў нашай краіне пануюць мір і спакой. Своечасова выплачваецца пенсія і заработная плата, і вяскоўцы могуць купіць усё неабходнае. З гандлёвым абслугоўваннем праблем не існуе.

Са станоўчага боку адзначыла і клопат пра вясковую моладзь, а ў якасці яскравага прыкладу назвала маладога спецыяліста, стаматолага Дар’ю Юр’еўну Нядвецкую, якой выдзелілі кватэру ў новым доме з усімі зручнасцямі.

— Жухавічы — цудоўны куточак Беларусі, дзе можна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей і будаваць планы на будучае, — адзначае дэпутат Вольга Фёдараўна Саўко.

Спагадлівыя, працавітыя, дружныя.

Сустрэча другая

Добра ведаюць на жухавіцкай зямлі і Святлану Іванаўну Абламейку, якая больш за сорак гадоў прысвяціла галіне культуры Карэліччыны. Яе тут лічаць рэдкім чалавекам і работнікам культуры ад Бога. Да таго ж, умела спалучае прафесійную і грамадскую дзейнасць: з’яўляецца дэпутатам па Кожаўскай выбарчай акрузе № 4 і адначасова старастай гэтай вёскі.

Святлана Іванаўна жыве ў вёсцы Кожава сорак гадоў. Вось што яна гаворыць:

— Амаль усё жыццё я пражыла ў гэтай вёсцы, ведаю кожнага жыхара, іх праблемы і радасці. Радуе тое, што стасункі з жыхарамі вёскі складваюцца на прынцыпах даверу і ўзаемадапамогі. Магчыма, таму і абралі дэпутатам у мясцовыя Саветы.

Больш за ўсё просяць  дэпутата вырашыць пытанні наладжвання вулічнага асвятлення і стану дарог. Нагадала, як на сустрэчу з вяскоўцамі прыязджалі члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама, ім было зададзена пытанне па рамонце дарог. Яно было вырашана станоўча: кавалак дарогі ад Кожава да Жухавіч адрамантавалі.

Святлана Іванаўна не хавае таго, што  не адмаўляе людзям у іх простых, на першы погляд, а для іх  значных просьбах — з іх складаецца жыццё.  Напрыклад, кагосьці падвезці на сваім аўтамабілі на кропельніцу, камусьці прывезці лекі з аптэкі, а каму і хлеба — ніколі і нікому старалася не адмовіць. «У мяне гэта ад бацькі. Па характары ён быў вельмі добры. Ад яго перадалася любоў да людзей», — гаворыць жанчына.

Вяскоўцы звяртаюцца да Святланы Іванаўны з рознымі праблемамі. Па пытанні вывазу смецця з мясцовых могілак давялося ім растлумачыць, што зараз гэтыя паслугі будзе выконваць РУП ЖКГ, на чый баланс перададзены могілкі, і прадпрыемства гэта абавязкова зробіць.

Сельскія жыхары любяць Святлану Іванаўну за нераўнадушнае сэрца, людскасць, сялянскую памяркоўнасць, адсутнасць фанабэрыстасці і дабрыню вялікага сэрца. Яна ў сваю чаргу адзначае:

— Такіх людзей, як у нашай вёсцы, мабыць, няма на свеце! Спагадлівыя, працавітыя, дружныя, шчодрыя. Трэба было сабраць грошы на добраўпарадкаванне могілак у Кожаве — сабралі за тры месяцы. Выйдзе адна жанчына падмятаць вуліцу — адразу выходзіць на дапамогу ўся вёска. Я вырасла ўскормленая дабрынёй бацькоў, адданасцю людзей, якія дапамаглі знайсці сябе ў жыцці.

Да гэтых шчырых слоў дэпутата і старасты вёскі хочацца дадаць, што сваю грамадскую дзейнасць яна паспяхова спалучае з прафесійнай: калектыў аддзела культуры і вольнага часу «Жухавіцкі Дом культуры» актыўна ўдзельнічае ў раённых святах, дорыць радасць вяскоўцам са сцэны мясцовай установы культуры. Гэта самы гастралюючы калектыў раёна, які выступае ў санаторыях Беларусі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ