На планерке у председателя: борьба со снегом, безопасность в быту и на льду, вакцинация от гриппа

Спецыялізаваныя службы Карэліцкага раёна правялі якасную ўборку снегу. Такую ацэнку даў працы дарожнай і камунальнай службаў старшыня Карэліцкага райвыканкама Генадзій Шатуеў на штотыднёвай працоўнай нарадзе.

— Нягледзячы на багатыя снегапады, сітуацыя на Карэліччыне заставалася кантраліруемай, —  пацвердзіў сказанае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Шкадаў. — Аўтамагазіны, рэйсавыя аўтобусы, а таксама іншая тэхніка змаглі дабрацца ў любы пункт раёна па графіку.

Генадзій Шатуеў у чарговы раз акцэнтаваў увагу на бяспецы грамадзян:

— У дамах адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, людзей з інваліднасцю, сацыяльна небяспечных сем’яў з дзецьмі печы павінны быць у поўным парадку. Хто не можа ліквідаваць праблему, трэба дапамагчы. Асаблівая ўвага — наяўнасці флікераў на вопратцы пешаходаў. Гэтая дробязь можа выратаваць жыццё. Занепакоенасць выклікаюць рыбакі, якія ў пагоні за рыбай выходзяць на тонкі лёд. Службам прафілактыкі: АСВОД, РАУС і РАНС — неабходна пастаянна маніторыць месцы падлёднай рыбалкі і папярэджваць людзей аб небяспецы.

Па словах начальніка Карэліцкага РАНС Дзяніса Стадольніка, у дамы людзей, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе, пастаянна наведваюцца назіральныя камісіі, праводзяцца сельскія сходы, дзе людзям у чарговы раз нагадваюць пра бяспеку. Рэйды па вадаёмах даўно ўвайшлі ў практыку выратавальнікаў-пажарных.

У раёне працягваецца вакцынацыя ад грыпу. Прышчэпку ад небяспечнага віруса атрымалі 29% жыхароў раёна. Плануецца, што будзе прышчэплена 40% карэліччан, што дасць магчымасць сфарміраваць калектыўны імунітэт.

Іна ЛЕЙКА