Галіна Смалянка: «Сталы ўзрост — час асэнсавання пражытага і перажытага»
На двары — зіма. Сапраўдная і снежная. Ад белізны слепіць вочы, а сэрца радуецца навакольнай прыгажосці. Шмат снегу, як некалі ў далёкім дзяцінстве. Цёплыя ўспаміны вяртаюць у родную вёску: дзіўны быў час, як і дзіцячыя забавы. Мы, дзеці шасцідзясятых-сямідзясятых, ляпілі снегавікоў, гулялі ў снежкі, каталіся на лыжах і санках — і гэтыя цёплыя ўспаміны вярэдзяць душу.
Час бяжыць хутка. Прыбаўляюцца гады ў пашпарце, а душа застаецца маладой. Узрастае жаданне адчуць хоць кропельку шчасця, і на белым аркушы паперы зноў пачаць пісаць гісторыю жыцця. Ажыццявіць нязбытыя дзіцячыя мары.
Добрай памочніцай з’яўляецца прырода. Добра было б накіравацца сонечным марозным дзяньком з ёй на сустрэчу, дзе дух захоплівае ад зімовай прыгажосці. Зачароўвае цішыня, такая звонкая, быццам чуеш кожны рух і нават подых. Маўкліва стаяць аголеныя дрэвы, як быццам жывыя істоты, нясуць свой жыццёвы крыж, церпяць выпрабаванні і чакаюць вясны. Ад белізны палёў і лугоў з велізарнай блакітнай шапкай зверху немагчыма адвесці позірку. Паглядзіш на неба — на душы становіцца лёгка-лёгка, адыходзяць трывогі і хваляванні.
Сталы ўзрост — час асэнсавання пражытага і перажытага. Зрабіць гэта найлепш у доўгія зімовыя вечары за кубачкам гарбаты. Магчыма, найлепш будзе адчуваць сябе пажылы чалавек у цёплай хаце, калі ўся сям’я збіраецца разам, і прадстаўнікі трох пакаленняў: бацькі, дзеці і ўнукі — вядуць шчырую і адкрытую гутарку, і іх вочы свецяцца ад шчасця.
Галіна СМАЛЯНКА, вядучая рубрыкі «Актыўнае даўгалецце 65+»
Фота Ларысы ШУГЛІ