Валентина Александровна Валько из деревни Кожево на пенсии не скучает: вяжет всем теплые вещи, выращивает цветы и делится с односельчанами оптимизмом
Ёсць людзі, быццам зоркі, на жыццёвым шляху. Яны асвятляюць нашу дарогу і зараджаюць пазітыўнай энергіяй. Побач з імі надзейна і камфортна, а пасля сустрэчы доўга захоўваюцца ў памяці цёплыя ўспаміны. У думках хочацца зноў вярнуцца да гутаркі, каб зазірнуць субяседніку ў вочы і выслухаць успаміны аб пражытых гадах.
Адкрывайце хутчэй — паштальён ля дзвярэй
Валянціна Аляксандраўна Валько нарадзілася ў вёсцы Кожава. У сям’і расло трое дзяцей: яна ды браты Васілій і Сяргей. Бацькі працавалі ў калгасе. Дзяўчына закончыла восем класаў Радуньскай школы. Прадоўжыла вучобу ў Баранавіцкім вучылішчы тэкстыльшчыкаў. Пасля яго заканчэння працавала на фабрыцы, але пастаянна цягнула на малую радзіму. Мама працавала паштальёнам, і калі ўводзілі яшчэ адну адзінку на Ушанскім паштовым аддзяленні, дзяўчыне прапанавалі тут працу. Дзесяць гадоў адпрацавала намеснікам начальніка паштовага аддзялення сувязі.
Затым перавялі ў Жухавіцкае аддзяленне паштовай сувязі. «Пайшла працаваць паштальёнам — і дваццаць пяць гадоў насіла пошту ў вёсцы Кожава», — успамінае жанчына. Як і аб тым, што газеты і часопісы ў той час выпісвалі вельмі добра: «Советскую Белоруссию», «Белорусскую ниву», «Звязду», «Медицинский вестник», «Полымя» і іншыя выданні. Перыёдыку насіла ў кожную хату, як і пенсіі вяскоўцам. Зайшоўшы ў хату, не трымалася за клямку. Трэба было пагаварыць па душах, бо паштальён быў жаданым госцем.
— Нялёгкай была ноша: набітая сумка з перыядычнымі выданнямі ды ў руках газеты і часопісы, — прадаўжае субяседніца. — Вяскоўцы любілі чытаць навіны, як і пачуць нешта ад мяне. У сваю чаргу, і я любіла іх выслухаць, у старэйшых навучыцца мудрасці, і была вельмі рада сустрэчам. Мне, як паштальёну, многія раскрывалі свае сакрэты, а я старалася, як гаворыцца, трымаць рот на замку: нікому ніколі нічога не пераказвала, таму давяралі мне як блізкаму чалавеку. Я рада была гэтаму.
Кожаўскія зорачкі свецяць ярка
Валянціна Аляксандраўна з гонарам і ўдзячнасцю расказвае пра сваіх дзяцей, якія з’яўляюцца апорай і падтрымкай. Маці задаволена, што яны апраўдалі яе спадзяванні і знайшлі сябе ў жыцці. Старэйшая дачка Ірына працуе ў Лукскай бальніцы. Добрая і ўважлівая да людзей і маці. Па словах роднага чалавека, дачцэ даводзіцца найбольш клапаціцца: часта бывае ў маці, тэлефануюць адна адной, і такая падтрымка жанчыну ў паважаным узросце радуе.
З удзячнасцю маці гаворыць і пра сына Міхаіла. Жыве ў горадзе Мінску і працуе ў банкаўскай сферы. Прыязджае на малую радзіму часта, летам амаль кожныя выхадныя. Дапамагае па доме і гаспадарцы, яго рукі вельмі патрэбныя. «Уся мужчынская работа ляжыць на яго плячах», — удакладняе матуля.
Дачка Наталля жыве ў Івацэвічах і працуе настаўнікам пачатковых класаў, Таццяна ў Мінску і займае пасаду намесніка галоўнага бухгалтара на адным са сталічных прадпрыемстваў.
— У мяне восем унукаў, усіх моцна люблю. Дзве ўнучкі, Алена і Юлія, ужо замужам. Маю дваіх праўнукаў і адну праўнучку. Яны для мяне ў вялікую радасць. З задавальненнем едуць у Кожава, а я з нецярпеннем чакаю ў госці, — дзеліцца сваімі імгненнямі шчасця жанчына.
Жаночыя рукі не ведаюць суму
— Увесь час вяжу рэчы, — прадаўжае субяседніца. — Праўда, гэтаму захапленню больш перавагі аддаю на пенсіі. На самой справе, скажыце, што рабіць дзень за днём? А шкарпэткі, да прыкладу, — вельмі патрэбная рэч. Апранеш іх — і нагам цёпла і ўтульна, асабліва, калі ўвіхаешся на вуліцы ў халоднае надвор’е.
Майстрыха раскрыла яшчэ адзін сакрэт свайго любімага занятку: вязанне супакойвае. Хаця, калі займаешся гэтай справай, трэба быць сканцэнтраваным і сачыць за аб’ёмам новай вязанай рэчы. Раней жанчына вязала спадніцы і безрукаўкі, і яны атрымліваліся вельмі прыгожыя. Зараз, акрамя вязання новых рэчаў, займаецца і рамонтам ранейшых. Што б яна не старалася звязаць, кожную рэч імкнецца выконваць з любоўю: прыкласці не толькі рукі, але і прапусціць праз сэрца. Гэтая акалічнасць апраўдвае: будучыя ўладальнікі вельмі рады такому падарунку і доўга дзякуюць за майстэрства яе рук.
Ёсць і другое захапленне ў кожаўскай майстрыхі: Валянціна Аляксандраўна захапляецца кветкамі. Вясной і летам яны цвітуць у агародчыку, а зімой пакоі дома ўпрыгожваюць вазоны.
— Асабліва люблю герань, — удакладняе жанчына. — Яна розных колераў: кветкі белыя, ружовыя, чырвоныя. Тры падаконнікі ўстаўлены прыгажунямі. Таксама каляднік цвіце, каланхоэ пачынае зацвітаць, алоэ і кісліца радуюць вочы ды іншыя не могуць пакінуць раўнадушнымі.
Гаспадыня паведала і пра архідэі. Гэтыя прыгожыя кветкі дораць дзеці на дзень нараджэння і Дзень маці. «Я гэтаму падарунку вельмі рада, кветкі — радасць для душы», — гаворыць яна.
Як ты да людзей, так і яны да цябе
Па словах Валянціны Аляксандраўны Валько, людзі ў Кожаве добрыя, шчырыя, працавітыя. У асноўным пенсіянеры, маладых мала. Вёска прадаўжае жыць сваім жыццём. Ёсць магазін, і вяскоўцы не скардзяцца на асартымент тавараў: у продажы ёсць усё, што патрэбна чалавеку.
Мая субяседніца з задавальненнем прызналася, што кожаўцы прыходзяць да яе, і жанчына стараецца ладзіць з імі. «Выгаварыцца чалавек — і споведзь застанецца ў маёй хаце. Чалавеку палягчае, і я не адна,»— кажа яна і называе формулу жыцця: «Трэба адносіцца да людзей так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе.»
Дзеці Валянціны Аляксандраўны знаходзяцца, як яна сама гаворыць, на людзях, іх прафесіі патрэбныя, іх паважаюць.
— Маё жыццё пражыта недарэмна. Добрыя па характары, яны шануюць мяне, за што кажу ім: «Шчыры дзякуй!», — цешыцца маці.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА