Велікоднае віншаванне парафіян ад ксяндзоў Карэліччыны

“Сапраўды кажу табе:

Сёння будзеш са Мною ў раі”.

Гледзячы на касцёл ці царкву, мы ўбачым, як узвышаецца над імі крыж, сімвал нашай веры. Крыж — гэта знак прыналежнасці да Езуса Хрыста, бо Ён памёр на крыжы за мяне і цябе. На крыжы Бог аб’явіў сваю любоў да чалавека, любоў,  якая каштавала жыцця Езуса Хрыста, Сына Божага. Памёр нявінны за вінаватых, каб апраўдаць усё чалавецтва перад тым, Хто мае ўладу над жыццём і смерцю — Айцом Нябесным. Бог Айцец прыняў ахвяру свайго Сына — ахвяру любові. Хрыстус перамог на крыжы грэх і смерць, тым самым даючы нам надзею на жыццё вечнае. Без крыжа няма Хрыста, а без Хрыста няма ўваскрашэння. Езус казаў: “Калі хто хоча пайсці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною. Бо той, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той знойдзе яго. Бо якая будзе карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а душы сваёй пашкодзіць? Або што дасць чалавек узамен за душу сваю? Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасць кожнаму паводле ўчынкаў ягоных”. Калі ўсё, у што мы верым, асабліва ва ўваскрашэнне, гэта няпраўда, тады ўсе нашыя малітвы і слёзы,  якія праліваем па нашых памерлых, усе нашыя цярпенні і цяжкасці жыццёвыя, уся любоў і дабро,  учыненае іншым,  не будуць мець сэнсу. Навошта тады гэта рабіць, калі пасля смерці нічога няма? Але праўда такая: «Езус Уваскрос, Алеллюя!», кожны веруючы адказвае на гэтую праўду: «Сапраўды Уваскрос, Алеллюя!». Гэта праўда ўзмацняе нашую веру і надзею, што Бог усё бачыць і аддасць кожнаму паводле ўчынкаў нашых. Усе цярпені, цяжкасці, дабро і любоў, усё будзе палічана, нічога не схаваецца перад Богам. Ён дасць нам найлепшую ўзнагароду за нашыя ўчынкі і старанне, а адзін з грэшнікаў пачуў: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі».

Дарагія браты і сёстры: «Хрыстус Уваскрос, Алеллюя!». Жадаем вам, каб вы не гублялі Веру, якую даў нам Езус, каб чэрпалі сілы ад Бога для паканання розных перашкодаў у вашым жыцці. З надзеяй глядзелі ў будучыню, бо кожны з вас мае магчымасць пераадолець грэх і смерць, і атрымаць узнагароду ў Валадарстве Нябесным. Памятайце пра вашых родных і блізкіх, перадавайце ім Веру, дапамагайце ім сваёй малітвай і любоўю, добрымі радамі і ўчынкамі, каб усе мы атрымалі ўзнагароду ад Бога — Уваскрашэнне, Жыццё Вечнае. Хрыстус Уваскрос, Алеллюя!

З благаслаўленнем ад Уваскрослага Езуса Хрыста а. Сяргей, а. Ануфрый, а. Ежы, пробашч.