Каждый день — победа. С таким девизом идет по жизни учитель физической культуры СШ г.п. Мир имени А.И. Сташевской Виктор Плюта
Напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту на стадыёне “Юнацтва” ў райцэнтры прайшлі спаборніцтвы па футболе сярод вучняў школ. Уздоўж поля ходзяць настаўнікі фізкультуры: падказваюць навучэнцам наступны крок — каму лепш аддаць пас, каго прыкрыць. Хвалюецца за сваіх гульцоў і настаўнік фізічнай культуры СШ імя Г.І. Сташэўскай г.п. Мір Віктар Плюта. У перарыве паміж гульнямі падыходжу да настаўніка.
— Я сам з Дзятлаўшчыны, — расказвае Віктар Юзэфавіч. — Пасля таго, як скончыў Гродзенскі фізкультурны тэхнікум, трапіў на Карэліччыну. Працаваў у Мірскай школе кіраўніком ваеннай падрыхтоўкі. Потым, калі вялікай краіны не стала, прыйшлося перакваліфікавацца. Стаў настаўнікам фізкультуры і здароўя.
На пытанне, чаму вырашыў вучыцца такой спецыяльнасці і звязаць жыццё з фізкультурай, мужчына шчыра адказвае, што ў яго былі выдатныя настаўнікі, якія прывілі любоў да спорту. У дзяцінстве Віктар гуляў у валейбол і футбол, потым стаў займацца біятлонам:
— Яны прывучылі мяне займацца спортам. Да таго ж я люблю дзяцей, і мая прафесія мне падабаецца. Аддаў любімай справе трыццаць гадоў, інакш нельга.
На працягу многіх гадоў настаўніцкай практыкі Віктар Юзэфавіч трымаецца адной мэты: прывучыць дзяцей любіць саміх сябе, паважаць сваё здароўе і клапаціцца аб ім:
— У нашым жыцці няма нічога даражэйшага за здароўе. Чалавек павінен займацца спортам, не абавязкова гуляць у спартыўныя гульні, але выконваць элементарныя практыкаванні, проста сачыць за сабой. Важна растлумачыць дзецям, што гэта карысна.
Між тым, пачынаецца чарговы матч. На поле выходзяць каманды з Міра і Лук. Гульцы паціскаюць адзін аднаму рукі. Свісток — і гульня пачынаецца.
— У наш час у настаўніка фізкультуры павысілася колькасць абавязкаў, — прызнаецца мужчына. — Мы сталі трэнерамі па лёгкай атлетыцы, спартыўных гульнях, рыхтуем каманды па валейболе, баскетболе, футболе, а таксама ўдзельнікаў зімняй гульні “Снежны снайпер” — працы хапае.
Заўважыў, што для многіх школьнікаў урок фізкультуры — любімы ўрок. Яны спяшаюцца ў спартыўную залу, а пасля званка не хочуць яе пакідаць. Цікаўлюся ў настаўніка, як у яго атрымліваецца далучыць вучняў да свайго прадмета.
— Дзеці павінны паважаць настаўніка, а той, у свой час, — умець знайсці падыход да вучняў.
— Але ж не ўсе вучні могуць займацца фізкультурай. Камусьці не хапае фізічных здольнасцяў, а камусьці проста не падабаецца спорт. Як быць у такім выпадку?
— Я не навязваю вучням сваё меркаванне, — адказвае Віктар Юзэфавіч. — Калі школьнік упэўнены, што ён будзе выдатным матэматыкам, няхай імкнецца да сваёй мэты. Але я не абыякавы да такіх дзяцей, дапамагаю ім словам, справай. Мне хочацца, каб яны займаліся ў сілу сваіх магчымасцяў, рабілі тое, што могуць. Ну і вядома, цесная сувязь з бацькамі таксама мае ў такім выпадку вялікае значэнне.
Расказваючы аб найбольш значных дасягненнях у спорце, Віктар Плюта ўсміхаецца і кажа, што добры настаўнік фізкультуры кожны дзень нешта заваёўвае. Інакш нельга. Вучань, якому не ўдавалася падцягнуцца, здолеў падняцца вышэй перакладзіны — гэта ўжо перамога.
— Да таго ж, кожны настаўнік, незалежна ад таго, якому прадмету ён вучыць, павінен увесь час імкнуцца да самаўдасканалення, — рэзюмуе субяседнік. — Калі гэтага імкнення няма, то гэта кепскі настаўнік.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара