В Кореличском районе начались поисковые работы на месте расстрела еврейского населения

12 чэрвеня ў аграгарадок Лукі прыбыў 52-і асобны пошукавы спецыялізаваны батальён, які ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны правядзе пошукавыя работы на месцы расстрэлу яўрэйскага насельніцтва.

Спецыялізаваны батальён  – у сваім родзе ўнікальнае воінскае падраздзяленне. Менавіта ў Беларусі ўпершыню ў свеце раскопкі на тэрыторыях, звязаных з баявымі дзеяннямі, сталі праводзіцца сіламі вайскоўцаў, бо рызыка выяўлення дзеючых боепрыпасаў вельмі вялікая. Праўда  тут,  на месцы раскопак,  не знойдуць мін або неразарваных гранат, толькі — рознакаліберныя нямецкія гільзы.  Акупанты ваявалі не з салдатамі, а з мірнымі людзьмі — жанчынамі, мужчынамі, старымі.

Пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын адзначыў, што,   па расказах мясцовых  жыхароў,  былых сведкаў трагічных падзей, тут быў устаноўлены факт расстрэлу яўрэяў, а таксама месца іх пахавання. Зверствы фашыстаў  пацверджаны  матэрыяламі архіўнай справы. Пракуратурай раёна былі падрыхтаваны і накіраваны адпаведныя дакументы ў ваенны камісарыят Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў,  і   аб’ект быў уключаны ў план правядзення пошукавых работ.

Карэлічы, Мір, Турэц, Дуброва, Новае Сяло, Антанёва, Лядкі, Сіняўская Слабада, Ярэмічы, Пагарэлка, Тударава… спаленыя вёскі і расстраляныя ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, яўрэйскае насельніцтва… Ваенная машына з забойным грукатам прамчалася па Карэліччыне. Здавалася б, пара дазволіць нявінна забітым спаць спакойна ў брацкіх магілах, а жывым не забываць пра іх, прыносячы кветкі да памятных дат. Але  праз дзясяткі гадоў  адкрывацца ўсё новыя і новыя факты неймаверных злачынстваў. Не ўсе яны змясціліся на старонках архіўных спраў. Многія    дагэтуль жывуць у памяці людской.

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара