Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь Александр Сонгин провел рабочие встречи в Кореличском районе
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін на адыходзячым тыдні некалькі дзён працаваў у сваёй акрузе. Па словах парламентарыя, у першую чаргу для яго гэта магчымасць даведацца, якімі праблемамі жывуць людзі, якія выбралі яго на адказную пасаду, і самае галоўнае — дапамагчы.
Адрас для работы — Лукскі сельскі Савет — выбраны не выпадкова: менавіта гэты сельсавет асабліва востра адчуў на сабе ўраганны вецер 13 ліпеня. Перш за ўсё дэпутат паспяшаўся ў будынак сельскага Савета, дзе быў назначаны прыём грамадзян. Наведвальнік прыйшоў з просьбай даць дазвол на атрыманне драўніны па льготнай цане для рамонту даху. Пасля прыёму грамадзян парламентарый пагутарыў са старшынёй Лукскага сельсавета Генадзіем Арцюхом.
— На тэрыторыі сельсавета асабліва пацярпелі тры населеныя пункты: Лукі, Крышылоўшчына і Унехава. Поўнасцю або часткова былі раскрыты дахі на 222 дамах, прычым на 142 з іх у Луках. Сур’ёзна пацярпелі дахі сельгасаб’ектаў: малочна-таварных ферм «Лукі», «Далматаўшчына», 4 складоў, мехмайстэрняў. Будаўнічая брыгада ДП «Лукі-Агра» працавала напружанымі тэмпамі: днём аднаўляла сельгасаб’екты, а ўвечары адпраўлялася на дапамогу людзям. Спачатку рамантавалі дамы, а затым ужо гаспадарчыя пабудовы, — расказаў старшыня сельсавета.
Аляксандр Сонгін і Генадзій Арцюх пабывалі ў адным з дамоў, які асабліва моцна пацярпеў ад урагану. Ганна Максімовіч усё жыццё жыве ў Луках на вуліцы Зарэчнай у доме пад нумарам 7, але такую стыхію перажыла ўпершыню.
— Я вельмі ўдзячная і раённай, і мясцовай уладзе, што не пакінулі нас сам-насам з бядой. У нашым доме быў пашкоджаны франтон і ветрам знесла фактычна палову шыферу з даху. Я адна выхоўваю дачку-інваліда, дапамогі чакаць няма адкуль. Брыгада сельгаспрадпрыемства за дзень аднавіла дах, — расказвае Ганна Іванаўна.
Затым дэпутаты накіраваліся ў Лукскую сярэднюю школу. Моцны вецер таксама выпрабаваў храм ведаў на трываласць. Цалкам сарваны дах, два залітыя вадой навучальныя кабінеты, спартыўная зала, павалены жалеза-бетонны плот — за 10 хвілін стыхія нанесла велізарную шкоду.
— Для рамонту даху школы спатрэбілася 700 лістоў шыферу, — расказвае яе дырэктар Сяргей Міхалкевіч. — Ён ужо поўнасцю адноўлены. Завяршыўся рамонт класаў і спартыўнай залы. На гэтыя мэты з раённага бюджэту было выдзелена 70 тысяч рублёў. Школа ўжо сёння гатова прыняць вучняў.
Змяніўся да 1 верасня і школьны стадыён: новае асфальтавае пакрыццё і беласнежная разметка стануць добрым стымулам для дзяцей ставіць новыя спартыўныя рэкорды.
Завяршальным пунктам у працоўным маршруце Аляксандра Сонгіна стала вёска Сіняўская Слабада Ярэміцкага сельсавета.

На ўездзе ў вёску Сіняўская Слабада заасфальтавана тры кіламетры дарогі
— Сёння завершаны работы па асфальтаванні 3-кіламетровага ўчастка дарогі на ўездзе ў вёску. Падчас адной з сустрэч выбаршчыкі прасілі пасадзейнічаць. Трэба паглядзець, ці ўсе пажаданні людзей улічаны, — кажа парламентарый.
Яшчэ зусім нядаўна гэты 3-кіламетровы адрэзак дарогі нагадваў паласу перашкод, ехаць па якой можна было толькі на мінімальнай хуткасці. Зараз жа дабрацца да вёскі можна з вецярком. Акрамя таго, дарожнікі заасфальтавалі некалькі дзясяткаў метраў дарогі ў самой вёсцы, адразу пасля з’езду з маста праз Нёман.
Убачыўшы дэпутата, мясцовыя жыхары выходзяць за веснікі. Дачніца Ганна Бандарык, мясцовыя жыхаркі Тамара Парэцкая і Ганна Самец з усмешкай адзначаюць: нарэшце вокны ў дамах не трэба будзе кожны дзень адмываць ад пылу.
— Выдатна, што нашу дарогу заасфальтавалі, але цяпер машыны праносяцца па вёсцы з хуткасцю гуку. А да нас на лета прыязджаюць унукі, у многіх хатнія гадаванцы. Як бы не здарылася бяды, — трывожыцца Ганна Бандарык. — Знак аб абмежаванні хуткасці з’явіцца тут у кароткія тэрміны. Магчыма, прыйдзецца ўсталёўваць ляжачага паліцэйскага, — супакойвае жанчын парламентарый. — Гэтае пытанне ў бліжэйшы час вывучыць камісія па бяспецы дарожнага руху і паведаміць вам. Знойдзем управу на ліхачоў.
Пакідаючы на нейкі час акругу з новымі наказамі выбаршчыкаў, Аляксандр Сонгін кажа:
— Калі людзі цябе выбралі — трэба быць карысным. Людзі становяцца больш патрабавальнымі да якасці жыцця, і ўлада павінна ім гэту якасць забяспечваць.
Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара