Участники районного семинара по животноводству перенимали опыт производства молока на МТФ «Остухово»

На Карэліччыне адбыўся раённы семінар па жывёлагадоўлі з удзелам старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея, першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўгенія Бусько, кіраўнікоў і вядучых спецыялістаў усіх сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны.

Жывёлавод СВК «Маяк-Заполле» Аляксандр Іссар

На пачатку семінара, які праходзіў на МТФ “Востухава” СВК “Маяк-Заполле”, Андрэй Гардзей абазначыў накірункі работы: падвесці вынікі развіцця раённай жывёлагадоўлі за першае паўгоддзе, прааналізаваць недапрацоўкі ў галіне жывёлагадоўлі і выявіць шляхі ліквідацыі існуючых праблем, пераняць станоўчы вопыт лепшых жывёлагадоўчых калектываў.

— Комплекс “Востухава” ўвялі ў эксплуатацыю ў лютым бягучага года, — расказаў старшыня СВК “Маяк-Заполле” Віктар Маковік. — Функцыянуюць новы кароўнік і малочна-даільная зала. Наперадзе яшчэ вялікая работа па стварэнні тут закрытага цыклу вытворчасці. Для гэтага пачалі рэканструкцыю старых памяшканняў. Завершана аднаўленне будынка пад вырошчванне цялушак. Зараз праводзіцца рэканструкцыя радзільнага аддзялення, будуем даільна-малочны блок, падрыхтавалі адно памяшканне пад вырошчванне цялят.

Па словах кіраўніка прадпрыемства, пасля адкрыцця новага комплексу павялічыўся працэнт малака, рэалізуемага гатункам “экстра”. На МТФ “Востухава” ён складае 93,7%. Таварнасць — 91,6% за першае паўгоддзе 2024 г. Надоі на адну рагулю на ферме за шэсць месяцаў бягучага года склалі 4985 кг.

Аператары машыннага даення Таццяна Стрэчань і Наталля Яцук

— Каб развівацца, неабходна займацца будаўніцтвам і рэканструкцыяй старых памяшканняў і будынкаў, — рэзюмаваў Віктар Віктаравіч.

Галоўны заатэхнік СВК «Маяк-Заполле» Васілій Андрыевіч расказаў, што ў адным з кароўнікаў жывёлы падзелены на чатыры секцыі: у першай і другой стаяць рагулі, якія даюць да 30 літраў, у трэцяй і чацвёртай — 38-40. Кожная група кароў атрымлівае адпаведнае збалансаванае харчаванне:

— Рацыён жывёл складаецца з камбікармоў уласнай вытворчасці. На адну галаву высокапрадуктыўнай групы рагуль, якія даюць 40 літраў і больш, прыходзіцца да 13,5 кг камбікорму, 13 кг сенажу і 25 кг сіласу ў дзень. Каб інгрэдыенты размешваліся раўнамерна, набыты кормараздатчык, які ўсе аперацыі праводзіць сам, без умяшальніцтва чалавека. Мы  аналізуем біяхімію крыві і дадаем вітаміны і мінералы, якіх не хапае.

У адным з памяшканняў, якое наведалі ўдзельнікі семінара, ідзе рэканструкцыя, манціруецца новая даільная зала. У гэтым жа будынку размяшчаецца жывёла сухастойнага перыяду. Важна, што пад гэтыя патрэбы прыстасаваны будынак былой фермы, які адрамантавалі і далі яму новае жыццё.

— Гэта добра, што да будынкаў вы падышлі па-гаспадарску. Навошта будаваць новыя памяшканні, калі можна рэканструяваць старыя і ствараць тут умовы для развіцця жывёл, — адзначыў Андрэй Гардзей.

Камфортныя ўмовы на новым малочнатаварным комплексе створаны не толькі для жывёлы, але і для работнікаў. Для іх прадугледжаны пакой прыёму ежы, мужчынскі і жаночы гардэробы, душавая, маецца пральная машына для мыцця спецадзення і ўсе неабходныя мыючыя і дэзінфікуючыя сродкі.

— Са з’яўленнем новага комплексу стала значна прасцей працаваць, — дзеліцца аператар машыннага даення Наталля Яцук. — Выраслі якасць даення, таварнасць малака, працэнт гатунку “экстра”, адпаведна стала вышэй і наша зарплата.

На семінары былі падведзены вынікі работы жывёлаводаў раёна за першыя паўгода. Было адзначана, што ў цэлым маюцца станоўчыя вынікі ў павелічэнні прадукцыі жывёлагадоўлі. Тэмп росту валавой прадукцыі ў галіне за студзень-чэрвень 2024 г. склаў 106,2%. Прагноз вытворчасці малака выкананы на 101,6% і склаў 49110,4 тоны, што на 107,1% больш, чым у мінулым годзе. Найбольшую прыбаўку да леташніх паказчыкаў паказалі СВК “Жухавічы” (118,5%), ДП “Чарняхоўскі-Агра” (112,8%) і ДП “Лукі-Агра” (108,6%).

Надой ад адной рагулі склаў 3781 кг, што на 266 кг больш, чым у першым паўгоддзі 2023 г. У лідарах па гэтым паказчыку СВК “Свіцязянка-2003” (6164 кг), “Маяк-Заполле” (4900 кг) і “Жухавічы” (4835 кг).

Гатункам “экстра” рэалізуецца 71,9% малака, што на 2,7% больш, чым у мінулым годзе. Лідарамі па рэалізацыі “экстры” з’яўляюцца СВК “Свіцязянка-2003” (90,7%), ДП “Племзавод Карэлічы” (93,5%) і СВК “Жухавічы” (90,7%). Таварнасць малака — 89,5%.

Выраблена 3589,9 тоны ялавічыны, што на 101,9% больш, чым у 2023 г. Сярэднясутачныя прывагі склалі 777 грам (+22 г да паказчыкаў мінулага года). Аднак назіраецца невялікі рост невытворчага выбыцця жывёлы. Кіраўнік раёна заклікаў засяродзіць пільную ўвагу на гэтым пытанні:

— Наладзьце работу ветэрынарнай службы і жывёлаводаў так, каб скараціць гэты працэнт.

Аналізуючы вырошчванне свініны, адзначана, што гаспадаркі раёна выканалі заданне на 107,8% і вырасцілі 5639,9 тоны, што на 104,1% больш да 2023 г. Сярэднясутачныя прывагі свіней склалі 746 г, што на 54 г больш, чым у мінулым годзе.

Тэмп росту валавой прадукцыі галіны жывёлагадоўлі ў студзені-чэрвені бягучага года склаў 106,2% пры плане ў 103,1%.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара