Узнали у жителей Кореличского района, что для них значит День знаний
Мікалай Іванавіч КЕРГЕТ, дырэктар Турэцкай сярэдняй школы з 1994 па 2010 год, жыхар аграгарадка Турэц:
— Мой педагагічны стаж у сістэме адукацыі раёна складае больш сарака гадоў, таму з асаблівым хваляваннем сустракаю Дзень ведаў. Радуюся, што ў роднай школе прадаўжаюцца добрыя традыцыі, і да новага навучальнага года рыхтуюцца з усёй адказнасцю. Кожны год навучальная ўстанова са светлымі і ўтульнымі класамі гасцінна прымае вучняў. Тут створаны добрыя ўмовы для вучобы, працуе згуртаваны педагагічны калектыў, а дзяўчынкі і хлопчыкі з радасцю авалодваюць ведамі.
Для мяне 1 верасня і сямейнае свята. Дачка Таццяна па спецыяльнасці настаўнік гісторыі. Унук Міхаіл у гэтым навучальным годзе пойдзе ў 9 клас у адну са сталічных школ. Хочацца пажадаць яму і ўсім вучням новых ведаў, а педагогам і бацькам — здароўя, поспехаў і цярпення. Няхай заўсёды будзе мірнае неба і спакой на зямлі.
Яраслаў ЖУК, вучань 6 класа Турэцкай сярэдняй школы і 4 класа Мірскай дзіцячай школы мастацтваў, занесены на дзіцячую раённую Дошку Пашаны:
— Я з вялікім нецярпеннем чакаю Дня ведаў. Хочацца хутчэй пайсці ў школу, каб атрымліваць веды. Асабліва люблю матэматыку і англійскую мову, гэтыя школьныя прадметы з’яўляюцца для мяне самымі цікавымі. Яшчэ захапляюся музыкай, займаюся на гітары ў Мірскай дзіцячай школе мастацтваў. У школу яшчэ хочацца таму, што сустрэнуся са сваімі добрымі сябрамі, іх шмат сярод аднакласнікаў і старшакласнікаў. Гэта асаблівае свята для мяне, у пачатковых класах на ўрачыстую лінейку мяне прыводзіла матуля. Зараз іду з сябрамі, але мама ўсё роўна прыходзіць з сястрычкай Ульянай, і мы ўсе разам радуемся гэтаму святочнаму дню. Тата ў гэты час звычайна працуе ў полі, ён у нас старанны і руплівы, таму бяру з яго прыклад — стараюся вучыцца на «выдатна». Гэтага жадаю і ўсім вучням нашай школы.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіва герояў публікацыі