9 декабря — Международный день памяти жертв преступления геноцида. Последний раввин Мира
Старажытны пасёлак Мір прываблівае турыстаў сваім велічным замкам, прыгожымі ціхімі вулачкамі, на якіх побач са старажытнымі будынкамі размешчаны сучасныя пабудовы, і ветлівымі жыхарамі. На працягу вякоў у мястэчку мірна жылі і працавалі прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
“Іешыва кіраўнікоў ешыў”
Па дадзеных яўрэйскіх гісторыкаў, гэты народ пражываў у Міры з 1673 года. Стагоддзямі тут жылі выдатныя мудрацы Торы, таму нядзіўна, што ў 1815 годзе тут была ўтворана іешыва “Мір” — вышэйшая рэлігійная навучальная ўстанова, прызначаная для вывучэння Вуснага Закона, галоўным чынам Талмуда. У апошнія стагоддзі служыла і для падрыхтоўкі вучоных да звання равіна.
Заснавальнікам рэлігійнай школы для хлопчыкаў у Міры з’яўляецца мудрэц Торы Шмуэль Цікцінскі, які быў паспяховы не толькі ў вывучэнні святых кніг, але і ў бізнесе, што дапамагло яму на працягу васьмі гадоў кіраваць школай і ўтрымліваць яе. Пазней мудрацу Торы спатрэбілася дапамога сына ў кіраванні справамі іешывы. Аднак у 1835 г. бацька і сын загінулі, і кіраўніком іешывы стаў мясцовы равін Й. Д. Айзенштадт. Праз пяць гадоў колькасць іешыботнікаў ужо складала 100 чалавек. У 1850 годзе справу Шмуэля Цікцінскага ў Міры прыехаў працягваць яго ўнук Хаім-Лейб Цікцінскі. Яго ўзровень у пазнанні Торы значна паўплываў на рэпутацыю рэлігійнай школы, і яна выйшла на лідзіруючыя пазіцыі, саступаючы па колькасці вучняў толькі іешыве Валожына.
У 1899 годзе, пасля смерці Хаім-Лейб Цікцінскага, справу працягнуў яго малодшы сын Аўраам Цікцінскі, які запрасіў на пасаду кіраўніка Мірскай іешывы равіна Эліягу-Баруха Камая. Стыль яго навучання, яго выдатная асоба і сяброўскія адносіны да вучняў прыцягвалі здольных студэнтаў. Ён дабіўся атрымання Мірскай іешывай звання другой па значнасці пасля Валожынскай, аднак апошняя была закрыта пасля таго, як расійскія ўлады запатрабавалі, каб у вучэбную праграму была ўведзена руская мова. Кіраўніцтва Валожынскай іешывы катэгарычна адмовілася, і тады Мірская выйшла на першы план. Гэту пазіцыю яна захоўвала да Другой сусветнай вайны, прыцягваючы студэнтаў з Амерыкі, Англіі, Аўстраліі і Францыі.
Праз некалькі гадоў, пасля страты зроку з-за хваробы вачэй, Аўраам Цікцінскі пакінуў Мір, але працягваў даваць лекцыі па Талмудзе па памяці. Камай запрасіў ў іешыву свайго зяця рава Эліэзера Егуду Фінкеля, які ў 1907 годзе стаў яго нашчадкам. У 1911 годзе ў Міры здарыўся пажар, у якім згарэла і іешыва. Але малады Фінкель аднавіў і пашырыў іешыву “Мір”.
У 1916 годзе іешыве прыйшлося пакінуць роднае месца. Эляігу Барух застаўся з абшчынай у Міры, але моцна захварэў і ў 1917 годзе памёр пасля няўдалай аперацыі ў Мінску. Яго сын Аўраам Цві Камай атрымаў у спадчыну пост равіна Міра і быў абраны другім кіраўніком іешывы, якая вярнулася ў Мір у 1921 годзе. Пасаду духоўнага кіраўніка ў гэты час займаў Іерухам Левовіц. Трыа равінаў Фінкеля, Камая і Левовіца як магніт прыцягваў вучняў.
17 верасня 1939 г. Чырвоная Армія ўступіла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Мірская іешыва на чале з Іегудам Фінкелем пераехала ў сталіцу Літвы — Каўнас. Студэнты гэтай іешывы абклалі амбасады еўрапейскіх дзяржаў у Каўнасе, але ўсюды чулі адмовы іх прыняць. Ва ўсёй Еўропе знайшлася толькі адна краіна, якая працягнула руку дапамогі мірскім студэнтам, — Галандыя. Улады гэтай краіны дазволілі ўцекачам прыняць іх у сваіх каланіяльных уладаннях — Кюрасао і галандскай Гвіяне (Сурынаме). Але каб дабрацца да гэтых калоній, трэба было пераадолець доўгі шлях, які пралягаў праз тэрыторыі СССР і Японіі.
У адпаведнасці з дагаворам ад 14 чэрвеня 1940 г. у Літву ўвайшлі часці Чырвонай Арміі. Кіраўніцтва СССР пагадзілася выпусціць уцекачоў і прапусціць студэнтаў Мірскай іешывы па тэрыторыі Савецкага Саюза. Цяпер усё залежала ад пазіцыі Японіі. Натоўпы ўцекачоў з Міра штурмавалі будынак японскага консульства ў Каўнасе. І тут шчасце ўсміхнулася ім. Консул Ціунэ Сугіхара, парушыўшы Прадпісанне свайго ўрада, вырашыў выдаць ім візы.
Па дадзеных нямецкага гісторыка А. Фрыдмана, з 31 ліпеня да 28 жніўня 1940 г. Сугіхара выдаваў да 300 віз у дзень. Студэнт іешывы “Мір” рэбе Мошэ Зупнік, сабраўшы ўсе неабходныя дакументы, прыйшоў у японскае консульства для таго, каб атрымаць візу для сябе. Але ён змог дамовіцца аб выдачы яшчэ 300 віз для ўсёй іешывы. Консул фізічна не паспяваў аформіць візы, і тады яму пачалі дапамагаць сам Зупнік і некалькі яго сяброў, якія скапіравалі запаветныя дакументы сваімі рукамі. Яны не ведалі японскай мовы. І таму прозвішчы ўсіх іешыботнікаў аказаліся аднолькавымі — “Рабіновіч”. Па іншых дадзеных — “Голдберг”. Студэнты Мірскай іешывы разам з іншымі ўцекачамі дабраліся на цягніку да Масквы, а потым па Транссібірскай магістралі да Уладзівастока. Японскія памежнікі прапусцілі тры сотні Рабіновічаў у Кобе, дзе іешыва жыла цягам некалькіх месяцаў.
У 1985 г. Ціунэ Сугіхара быў прызнаны “Праведнікам народаў свету”. Нашчадкі выратаваных студэнтаў Мірскай іешывы, дзякуючы візам Сугіхары, налічваюць сёння каля 40 тысяч чалавек.
У 1947 г. Мірская іешыва падзялілася. Адна частка студэнтаў на чале з рэбе Фінкелем накіравалася ў Эрэц-Ісраэль, а іншая – у Нью-Ёрк. У цяперашні час сотні студэнтаў вывучаюць Тору і Талмуд у іешывах «Мір» у Іерусаліме і Брукліне.
Мірская іешыва адыграла значную ролю ў развіцці рэлігійнай адукацыі, яе называлі “Іешыват рашэй іешывот” — “Іешыва кіраўнікоў іешыў”, у ёй была выхавана плеяда таленавітых вучняў, якія сталі вялікімі мудрацамі Торы і духоўнымі лідарамі свайго пакалення, равінамі яўрэйскіх суполак і кіраўнікамі іншых іешыў.
Прыняць свой лёс
Адным з кіраўнікоў Мірскай іешывы, які стаў духоўным лідарам свайго пакалення, стаў прапраўнук Аўраама, брата Віленскага гаона — аднаго з выбітных духоўных аўтарытэтаў артадаксальнага яўрэйства — Аўраам-Цві бар Элія ху Камай, які нарадзіўся ў 1860-м годзе. Яшчэ ў юнацтве ён праславіўся як ілуй — вундэркінд. Хлопчык, які быў фізічна хворы ад нараджэння, вывучаў Тору пад кіраўніцтвам свайго бацькі Эліягу-Баруха Камая — равіна і кіраўніка іешывы ў Міры.
Пасля жаніцьбы на дачцэ равіна Мінца з горада Кейданы Аўраам-Цві цалкам прысвяціў сябе вывучэнню Торы. Каб пракарміць сваю сям’ю, адкрыў у гарадку аптэку, у якой гандлявала яго жонка, а ён дапамагаў ёй у прыгатаванні лекаў. Пакупнікі лічылі, што лекі, прыгатаваныя рукамі праведнага фармацэўта, валодаюць асаблівай гаючай сілай.
Пазней, уступіўшы настойлівым просьбам абшчыны, Аўраам-Цві стаў равінам Кейдан, але пры ўмове, што не стане атрымліваць ні капейкі з абшчыннай касы, зарабляючы грошы працай фармацэўта. У часы Першай сусветнай вайны Аўраам-Цві разам з сям’ёй эвакуіраваўся ва ўкраінскі горад Бярдзянск.
Ёсць звесткі, што позняй ноччу 1917 года Аўраам-Цві адчуў, што яго бацька цяжка хворы. Нягледзячы на тое, што ніякіх звестак пра бацьку не было, ён той жа ноччу сабраўся ў шлях і па небяспечных ваенных дарогах накіраваўся ў Мір. Праязджаючы праз Мінск, ён даведаўся, што яго бацьку прывезлі на лячэнне ў гэты горад, і ён знаходзіцца пры смерці. Ёсць звесткі, што яго бацька чытаў па адной штодзённай главе Торы кожны дзень тыдня, але і пасля сваёй смерці таксама працягнуў чытаць главу. Калі Аўраам-Цві дакрануўся да бацькі, той сказаў, што ведае, што памёр, і працягнуў чытаць.
У 1921 годзе іешыва вярнулася ў Мір з Палтавы, дзе яна знаходзілася падчас вайны. Аўраам-Цві замяніў бацьку на пасадзе кіраўніка іешывы і стаў у ёй вядучым выкладчыкам. У 1936 годзе колькасць вучняў іешывы вырасла да 500, прычым многія з іх прыязджалі з іншых краін, у тым ліку з ЗША.
Калі іешыва эвакуіравалася ў Вільню ў 1939 годзе, Аўраам-Цві, якому было ўжо 80 гадоў, вырашыў застацца са сваёй абшчынай у Міры.
Летам 1941 года Мір быў захоплены нямецкімі войскамі. Акупацыя мястэчка доўжылася тры доўгія гады. Эвакуіравацца практычна ніхто не здолеў, і ў пасёлку сабралася шмат яўрэяў з самога Міра, бліжэйшых населеных пунктаў, бежанцы з Заходняй Польшчы. Праз тры месяцы пасля акупацыі, у верасні 1941 года, немцы арганізавалі ў Міры першае гета, якое знаходзілася ў пасёлку і займала жылы квартал. У яго перавялі ўсіх яўрэяў мястэчка — каля 3000 чалавек. У першай “акцыі” па знішчэнні яўрэйскага народа ў ліпені 1941 года было забіта 20 яўрэяў. Падчас другога масавага расстрэлу, у лістападзе 1941 года, было забіта больш за 1600 чалавек. 2 сакавіка 1942 года знішчылі яшчэ 750 мірскіх яўрэяў.
Залман Міранкер, ураджэнец Міра, расказвае пра тое, што адбывалася ў той час: “Калі ўсіх жыхароў сабралі, каб адвесці да траншэяў, выкапаных на ўскраіне горада, равін сказаў усім яўрэям: «Давайце прымем усё гэта з любоўю, як гэта зрабіў равін Танна Аківа, які ў сваю апошнюю гадзіну прачытаў запаведзь “Ад усёй душы” – нават калі Ён забярэ тваю душу!”
На месцы расстрэлу яўрэяў у Міры, недалёка ад старажытнага замка, быў устаноўлены памятны знак. У кастрычніку 1997 года дадаткова былі ўстаноўлены дзве дошкі ў памяць аб 1600 яўрэях, якія былі тут расстраляны. На адной з дошак указана, што на гэтым месцы быў забіты равін Міра, Аўраам-Цві Камай.
Падрыхтаваў Сяргей СТОЛЯР
Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц