Сходили с комиссией по делам несовершеннолетних в рейд по социально опасным семьям Еремичского сельсовета и узнали, как они становятся на путь исправления
Адпрацоўка Ярэміцкага сельсавета дае магчымасць прадстаўнікам адпаведных службаў раёна наведаць тыя сем’і, якія патрабуюць павышанай увагі і знаходзяцца на ўліку. Разам з членамі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і раённага аддзела ўнутраных спраў накіроўваемся ў тыя сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Па этычных прычынах не называю прозвішчы і імёны адрасатаў і населеныя пункты, а іх гісторыі апавядаю. Магчыма, для кагосьці з чытачоў гэта будзе добрым урокам.
Пад дахам дома свайго
Звонку хата зіхаціць навагоднімі агеньчыкамі. Заходзім у пакой — нас сустракае маладая жанчына. Яна маці траіх дзяцей: трынаццаці, адзінаццаці і трох гадоў. У яе выхадны дзень. З мужам жывуць грамадзянскім шлюбам і, па словах суразмоўцы, добра. Хаця мужчына не з’яўляецца родным бацькам, але ўсё неабходнае для дзяцей робіць. Родны не падтрымлівае сувязі з сям’ёй. Шматдзетная маці расказвае, што ў яе ёсць жыллё ў Карэлічах, дзе зроблены рамонт: заменены вокны, устаноўлены дзверы, пакладзена падлога. У планах — пераехаць туды жыць з дзецьмі. Ездзіць на працу з вёскі ў райцэнтр няблізка і дорага. Жанчына хоча жыць там, дзе яна працуе, і каб дзеці ў райцэнтры хадзілі ў школу і дзіцячы садок. Члены камісіі раяць не адкладваць гэтую справу і зрабіць канчатковы выбар: дзецям патрэбна пільная ўвага і пастаянны клопат.
Дзеці — галоўнае ў жыцці
Яшчэ адна сустрэча і з яшчэ адной шматдзетнай маці. Дзецям шэсць, чатыры, адзін год і дзесяць месяцаў. Правяраючыя цікавяцца сямейным становішчам (па ўсім адчуваецца, што тут яны не першы раз). Жанчына прызнаецца, што грамадзянскі муж ужо не хоча з ёй распісвацца… З маладой маці вядзецца адкрытая і шчырая размова аб жыцці, каханні, дзецях. Найперш, чым зрабіць важны крок у жыцці, трэба добра падумаць у выбары спадарожніка жыцця.
Яблыка ад яблыні…
У кватэры на доўгай вяроўцы праз увесь пакой развешана дзіцячая бялізна. Тут сустракаемся і з маладой маці. Яна адна выхоўвае дваіх дзяцей. Старэйшай дачцэ тры гады, малошаму сыну — восем месяцаў. Зусім адзінокай матулю не назавеш. Жыве разам з бабуляй, а гэта, як ні гаварыце, родная душа. Пасля адпаведных парад членаў камісіі па стварэнні належных санітарных умоў у пакоі накіроўваемся далей. Яны даводзяць несуцяшальную навіну: «У свой час дзяцей у бабулі забіралі…». Горка, крыўдна, балюча — і сэрца агортвае сумота: чаму так дрэнна? Няўжо трэба паверыць у словы народнай прымаўкі: «Яблыка ад яблыні недалёка падае»? І адказ прыходзіць адразу другімі знаёмымі словамі: «Так не бывае на свеце, каб былі пакінуты дзеці». Клапоцяцца наша дзяржава і адказныя службы — значыць ёсць будучае ў дзяцей. А яшчэ і маці, магчыма, задумаецца і ўсе намаганні прыкладзе дзеля іх будучага.
Матуліна малітва
Непрыемнасць прыйшла ў сям’ю нечакана, як гром сярод яснага неба: спачатку сын з кампаніяй залезлі ў чужую дачу, а затым яго накіравалі ў спецыяльную школу закрытага тыпу. Там ён знаходзіўся на працягу двух гадоў, і гэты час для матулі быў вельмі доўгім і нялёгкім. Шмат усяго перадумала, хацела знайсці сыну апраўданне (пераходны ўзрост, нядобрая кампанія), прасіла яго задумацца і стаць на правільны шлях. Матуліны словы былі пачуты: праз два гады сын вярнуўся дамоў іншым і прывёз нават медалі са спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. «Стаў дарослым і асэнсаваў учынак, не згубіўшы дабрыні ў сэрцы», — апавядае маці і дадае, што зараз ён стараецца добра вучыцца ў школе. Сям’я жыве ў калгасным доме. Купілі ў вёсцы і свой уласны. Бацькі працуюць на ферме мясцовага сельгаскааператыва і ўвіхаюцца па асабістай гаспадарцы. Паціху жыццё пачынае наладжвацца. Матуля марыць, што сын знойдзе сябе ў жыцці і вырасце годным чалавекам.
Шчасце адно на дваіх
У хаце стаіць прыемны пах бліноў. Па вялікім каляровым тэлевізары ідуць мультфільмы. Членаў камісіі сустракае маладая маці. У сям’і выхоўваюцца дзве дачкі: у лютым будучага года ім споўніцца адпаведна шэсць і тры гады. На першы погляд, у сям’і поўная ідылія. Вось толькі падчас адной праверкі, калі маладой маці не было дома (яна адлучылася па справах), а бацька застаўся з малым дзіцём, яго засталі нападпітку, і сям’ю паставілі на ўлік.
— Чым любіце займацца? — цікаўлюся ў маладой маці.
— Кулінарыць люблю, рукадзеллем займаюся…
Вось бы яшчэ маладой гаспадыні ўсвядоміць адну жыццёвую ісціну: шчасце сям’і залежыць у многім ад жанчыны. Як і тое, што яно адно на дваіх.
Галіна СМАЛЯНКА