Для воспитанников Центра коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Кореличского района состоялся новогодний праздник с подарками

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна парадавала навагодняе свята,  у якім прынялі ўдзел  дырэктар ААТ “ААБ Беларусбанк” г.п. Карэлічы  Вольга Марцута, пракурор Карэліцкага раёна Віктар Аўдакушын, старшыня Карэліцкай  раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа   Святлана Санцэвіч.

Ва ўпрыгожанай зале сабраліся навучэнцы, педагогі, госці свята. Навагодні ранішнік для дзяцей – важная падзея, напоўненае адчуваннем чараўніцтва і надыходзячага свята. Дапамаглі навучэнцам у гэтым іх педагогі, якія на адзін дзень пераўтварыліся ў свавольніцу Бабу Ягу,  злога Бармалея, Сняжынку,  Снягурачку і Дзеда Мароза. Пад гукі музыкі пачалося чароўнае прадстаўленне, якое перанесла гледачоў у казку. Вочы дзяцей заззялі захапленнем і радасцю, калі яны ўбачылі казачных персанажаў. Пад кіраўніцтвам педагогаў навучэнцы Цэнтра ўдзельнічалі ў  прадстаўленні,  вадзілі карагоды, танцавалі, гулялі ў  рухомыя гульні.

З надыходзячымі святамі дзетак і іх бацькоў павіншаваў Дзед Мароз. Навагоднія пажаданні прагучалі і ад гасцей мерапрыемства.

– Новы год – гэта свята, якое дае надзею на лепшае, на нешта новае і дорыць адчуванне цуда.  З надыходзячымі вас навагоднімі святамі! Няхай яны прынясуць шмат радасных падзей і выканаюць  вашы запаветныя жаданні, —  выказвалі шчырыя словы пажадання госці.

Новы год не бывае без падарункаў.  Святлана Санцэвіч уручыла дзецям падарункі. Віктар Аўдакушын і Вольга Мацута  падарылі дырэктару Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Алене Ашманкевіч сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Атрымалі дзеці і салодкія падарункі.

Такія сустрэчы важныя для ўсіх: асабістым прыкладам вучыць дзяцей дабрыні, шчодрасці, міласэрнасці і разам з тым вучыцца ў іх дзіцячай непасрэднасці і ўменню радавацца любому імгненню жыцця. Акрамя падарункаў,  дзеці атрымалі часцінку душы кожнага, хто не толькі імкнецца сваім удзелам стварыць пераднавагодні святочны настрой, але і клапоціцца аб штодзённым дабрабыце дзяцей.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара