Секретом долголетия делится жительница Турца Евгения Фёдоровна Гавина
Пры выхадзе на пенсію пажылы чалавек мае тое, чаго не хапае маладым — шмат вольнага часу, які можна скарыстаць для рэалізацыі сваіх даўніх планаў. Як цікава жыць на пенсіі, ведае Яўгенія Фёдараўна Гавіна з аграгарадка Турэц.
— Яўгенія Фёдараўна, чым займаецеся на заслужаным адпачынку?
— На пенсію пайшла ў 1996 годзе. Прадаўжала займацца асабістай гаспадаркай, якая была вялікай: дзве каровы, свінні, куры, авечкі, індыкі. Адну карову яшчэ потым трымала доўга, яна ж добрае падспор’е для сям’і. На працягу дванаццаці гадоў была памочніцай у царкве Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц. Затым айцец Аляксандр прапанаваў чытаць часы перад Літургіяй на славянскай мове, што рабіла сем гадоў. Адным словам, на працягу дваццаці васьмі гадоў была пастаянна ў руху, шчыравала па гаспадарцы і на агародзе, наведвала мясцовую царкву.
— Як Вы прыйшлі да Бога?
— Усе родныя хадзілі ў царкву: сёстры Ліда, Таня, Оля, Маруся — нас было пяцёра, і ўсе верылі ў Бога. Суседкі Ганна і Марыя таксама, ад іх шмат чаму навучылася. Пастаянна пачала наведваць храм на пенсіі.
— Якія народныя традыцыі продкаў захоўвае Ваша памяць? Ці прымяняеце іх у штодзённым жыцці?
— Да Каляд гатавалі куццю з пярлоўкі, варылі квас з грыбамі. Самай жа смачнай стравай былі галушкі з макам. І цяпер куццю і квас гатуем, уносім сена, кладзём на стол, накрываем абрусам, ставім стравы. Дзеці з Мінска заўсёды прыязджаюць. Галушкі ў мак апускаем, а мак мелем у церле. Дзеці ды сама гэтую страву вельмі любім.
— Што значыць для Вас малітва?
— Пост — гэта галоўная малітва. Трэба маліцца сціпла, без тэлевізара. Яна дае супакаенне для душы. Трэба гэта рабіць раніцай і вечарам, ёсць асаблівыя Правілы, ранішнія і вячэрнія, і іх неабходна выконваць.
— Што дае наведванне царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Турэц?
— Мне падабаецца слухаць пропаведзі бацюшкі, праз якія прыхаджане знаходзяць шлях да Бога. Люблю бываць у царкве на дзённай і вячэрняй службах. У святы збіраецца шмат прыхаджан. І гэта правільна: у нядзелю не трэба працаваць, а прысвяціць гэты дзень Богу. У мяне ёсць пажаданне: хрысціянін у нядзелю павінен прыйсці ў царкву, паставіць свечку, памаліцца, а пасля заканчэння службы падумаць аб дамашніх справах.
— Літургія і малітва дапамагаюць не ачарсцвець душы і ўзбагаціцца духоўна. Якому яшчэ занятку на пенсіі аддаяце перавагу?
— У сельскай мясцовасці галоўнай карміцелькай з’яўляецца зямля-матухна. Разам з дачкой Вольгай садзім агародніну: агуркі, цыбулю, капусту, фасолю, кабачкі, гарбузы. Ёсць і цяпліца, дзе растуць памідоры. Хачу адзначыць, што атрымліваем не толькі дамашнія прадукты, але і магчымаць папрацаваць на роднай зямлі.
— У састарэлым узросце не ўсе радуюцца адзіноцтву. Як Вы адносіцеся да гэтага?
— Я таксама не люблю адзіноцтва. Стараюся чытаць Біблію, Малітваслоў, праваслаўную літаратуру, наведваць службу ў мясцовай царкве — усё гэта не толькі ўзбагачае духоўна, але дае магчымасць пазбегнуць сумоты і не адчуваць сябе адзінокай.
— «Слава Богу за всё, за скорбь и за радость», — гавораць веруючыя. Як часта гэтыя словы паўтараеце Вы, і што яны значаць для Вас?
— Усё трэба прымаць у жыцці і дзякаваць Богу за ўсё, і за пражыты дзень таксама. А ўстанеш раніцай — падзякуй за ноч, калі спаў. Дзякуй за тое, што жывеш на зямлі. У гэтых словах — сэнс нашага жыцця.
— Якія рысы характару чалавека Вам бліжэй і чаму менавіта ім аддаяце перавагу?
— Мне заўсёды падабаліся працавітыя людзі. Праца — галоўнае ў жыцці, аснова асноў. Трыццаць гадоў прысвяціла працы ў аб’яднанні грамадскага харчавання — была буфетчыцай у сталовай вёскі Турэц. Наведвальнікаў старалася абслужыць ветліва, каб яны захацелі прыйсці сюды яшчэ не раз.
— У чым Вы бачыце сакрэт даўгалецця?
— Не трэба хвалявацца па дробязях, працаваць сумленна, паважаць іншых людзей і жыць па Боскіх законах.
— Вашы пажаданні чытачам «Полымя» ў новым годзе.
— Здароўя, даўгалецця, зямных даброт, міру на зямлі. Адным словам, не ведаючы гора і бед, дажыць да ста гадоў!
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ