Председатель Кореличского райисполкома Андрей Гордей вручил ключи от новой техники учреждениям района
Усяго некалькі дзён засталося да самага чароўнага і любімага ўсімі свята — Новага года. Гэта час, калі мы звяртаемся адзін да аднаго з цёплымі словамі віншаванняў, успамінаем самыя яркія моманты мінулага года, падводзім вынікі праведзенай работы і намячаем планы на будучае.
Напярэдадні Новага года прынята дарыць падарункі. У Карэлічах ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны ключы ад новых аўтамабіляў і аўтобусаў.
З рэспубліканскага бюджэту для ўстановы аховы здароўя “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца” атрыманы перасоўны фельчарска-акушэрскі пункт на базе аўтамабіля “МАЗ-Купава”. Комплекс спраектаваны і прадуманы для зручнасці пацыентаў і медыкаў. Мае тры памяшканні. Таксама спецыялізаваная тэхніка забяспечваецца электрычнасцю, цяплом і сістэмай кандыцыянавання. ФАП на колах прыедзе ў самыя аддаленыя вёскі раёна. Жыхары змогуць прайсці медагляд, зрабіць кардыяграму, здаць аналізы і набыць лекі.
За кошт сродкаў рэспубліканскага і раённага бюджэтаў у дзяржаўную ўстанову “Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна” атрыманы аўтамабіль “Юніскаф” з ізатэрмічным кузавам і халадзільна-ацяпляльнай устаноўкай для дастаўкі прадуктаў харчавання ва ўстановы адукацыі. Набыты спецыяльны аўтобус МАЗ-365022 з электрапад’ёмнікам для падвозу навучэнцаў дзяржаўнай установы адукацыі “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна”. Для дзяржаўных устаноў адукацыі “Ярэміцкая базавая школа імя У. А. Калесніка» і «Турэцкая сярэдняя школа» куплены два аўтобусы МАЗ-365022 для падвозу вучняў. За кошт сродкаў ДУ “Аператар другасных матэрыяльных рэсурскаў” набыты смеццявоз.
Старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей адзначыў, што сёлета раён добра ўкамплектаваўся рухомым саставам:
— Клопат аб людзях — галоўная мэта дзяржавы. Мы клапоцімся аб тым, каб вучні даязджалі да школ у камфортным і бяспечных умовах. Думаем аб пажылых людзях і жыхарах невялікіх аддаленых вёсак, якія не могуць самі даехаць да амбулаторыі ці бальніцы. Цяпер медыцынскія работнікі змогуць завітаць да іх самі з дапамогай мабільнага ФАПа. Людзі пройдуць медагляд, набудуць медыкаменты. Адзін з крокаў да чысціні і добраўпарадкавання ў раёне — набыццё новага смеццявоза. У наступным годзе набудзем яшчэ адзін, а затым зоймемся закупкай і ўстаноўкай кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў у прыватным сектары.
Для ўрачыстага ўручэння ключоў запрасілі галоўнага ўрача УАЗ “Карэліцкая ЦРБ” Дануту Сквараду, дырэктара ДУ “Цэнтр для забеспячэння дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый Карэліцкага раёна” Іну Ахрэмку, дырэктара ДУА “Ярэміцкая базавая школа імя У.А. Калесніка” Людмілу Тарасевіч, дырэктара ДУА “Турэцкая СШ” Галіну Хамёнка, дырэктара ДУА “Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна” Алену Ашманкевіч і старшага майстра па добраўпарадкаванні РУП ЖКГ Мікалая Яўсея.
Сяргей СТОЛЯР
Фота Іны ЛЕЙКІ