Прыгожай душы чалавек: бібліятэкар Марына Вярбіцкая пра любоў да кнігі, песні і малой радзімы
Ёсць людзі глыбокія, як акіян, светлыя, як блакіт неба, і цёплыя, як сонечныя промні. Сустрэнешся з імі — і доўга будзеш захоўваць успаміны. Вялікія моц і сіла закладзены ў тых, хто крочыць па жыцці з кнігай.
Кніга — добры сябар
Першая сустрэча з Марынай Аляксееўнай Вярбіцкай адбылася дваццаць гадоў таму. Тады яна працавала бібліятэкарам Карэліцкай дзіцячай бібліятэкі на абанеменце малодшага аддзела і абслугоўвала чытачоў ад чатырох гадоў да вучняў-пачаткоўцаў.
— Дзіцяці трэба прывіваць любоў да кнігі. Прачытае яе — і даведаецца пра сапраўднае сяброўства, павагу да чалавека, любоў да ўсяго прыгожага на зямлі і іншыя каштоўнасці, — так думала раней і так думаю зараз. З гадамі не згубілася цікавасць да кнігі, 35 гадоў перадавала гэтую любоў і наведвальнікам бібліятэкі.
Зараз на заслужаным адпачынку, але час ад часу спяшаецца ў Карэліцкую раённую бібліятэку і цікавіцца навінамі. Успамінае ветэранаў бібліятэчнай справы: Ганну Уладзіміраўну Шэгу, Ганну Уладзіміраўну Новік, Людмілу Уладзіміраўну Палуян, Святлану Аляксандраўну Касцюк. Яны тэлефануюць адна адной, віншуюць са святамі, збіраюцца за адным сталом.
Маладыя бібліятэкары прадаўжаюць іх справы — і Марына Аляксееўна радуецца за іх. «Трэба прапагандаваць кнігу, каб людзі больш цікавіліся класічнай літаратурай і новымі выданнямі. У творах шмат мудрасці, чытачы вучацца ў сваіх герояў жыць. Кніга можа стаць добрым сябрам для чалавека, — пераканана ветэран працы. — На ўсё жыццё запамінаюцца прачытаныя казкі на ноч бабулямі і дзядулямі, а ўжо потым кожны выбірае сабе творы для душы, чытае іх самастойна і натхнёна, адкрываючы таямніцы свету».
Карэліччына — родны куточак
Радзіма Марыны — вёска Кальчычы. Тут скончыла школу, пазней — Карэліцкую СШ і Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Выйшла замуж. Муж Сцяпан Аляксандравіч працаваў у СВК «Маяк-Заполле». Жылі спачатку ў вёсцы Загор’е з бацькамі мужа. Там і нарадзілася першая дачушка Аляксандра. Затым перайшлі ў больш прасторную хату Марыніных бацькоў, якую яны купілі ў Загор’і. Тут нарадзіўся сын Яўген. Дзеці выраслі, параз’язджаліся на вучобу, стварылі свае сем’і. У дачкі — трое дзяцей, у сына — двое. Марына Аляксееўна, як клапатлівая бабуля, прывівае ім любоў да кнігі, асабліва тады, калі яны адпачываюць у вёсцы на канікулах.
У свой час сям’і Вярбіцкіх далі жыллё ў Паланой. Гэты дом з гаспадарчымі пабудовамі яны атрымалі ад дзяржавы, скарыстаўшыся правам на паляпшэнне жыллёвых умоў. Сюды таксама прыязджаюць дзеці і ўнукі, і хата напаўняецца гоманам. Сафія, Максім, Глеб ужо школьнікі і самі чытаюць кнігі, а Давіду і Еве бабуля чытае беларускія народныя казкі. Дзецям падабаюцца вершы і казкі Васіля Віткі, любяць слухаць і творы Уладзіміра Ліпскага. Не абыходзіцца без рускіх народных казак і казак іншых народаў.
З любоўю ў сэрцы
— Любоў да дзяцей, сям’і, Радзімы, родных, блізкіх закладзена ў генах. А гэта дзядулі, бабулі, найбольш матулі і таты, якіх, на жаль, няма побач, — гаворыць жанчына. Яна ўспомніла аб тым, як яны любілі працу, шанавалі адзін адаго, мелі добрыя зносіны з суседзямі і гэтаму вучылі дзяцей.
Марына Аляксееўна ідзе па жыцці з любоўю ў сэрцы. І каго б гэта ні датычыла: наведвальнікаў бібліятэкі, калег па працы ці проста людзей, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху, — усім жанчына імкнецца дапамагчы і падтрымаць словам, справай, песняй.
З песняй па жыцці
Марына з дзяцінства любіла спяваць. Песні спявала бабуля. У матулі быў прыгожы голас, які перадаўся дачцэ. Калі ў хаце збіраліся госці, дзяўчынка спявала з усімі. Пазней, у школьныя гады, удзельнічала ў хоры. У тэхнікуме на вечарыне сяброўкі заўжды прасілі штосьці праспяваць. Спявала, калі працавала ў Карэліцкай раённай бібліятэцы. Сёлета, на святкаванні Дня бібліятэк, куды запрасілі ветэранаў працы, у тым ліку і Марыну Аляксееўну, выканала шмат песень як адна, так і з калегамі па працы.
— Песня для мяне — падтрымка ў жыцці, аддушына для сябе, асалода пры выкананні музычных твораў. Гэта магчымасць сустрэцца з аднадумцамі, якія складаюць хор ветэранаў працы Карэліцкага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Немалаважна падарыць цудоўны настрой слухачам. Дарэчы, хор гастралюе па розных куточках Карэліччыны, — адзначыла Марына Аляксееўна.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Святланы МАЛАХВЕЙ