В Кореличах провели День подписчика на районную газету «Полымя»

27 снежня ў Карэліцкім вузле паштовай сувязі праведзены чарговы Дзень падпісчыка на раённую газету «Полымя». Карэліччане ахвотна выпісвалі раёнку, дзяліліся сваімі ўражаннямі, адрасоўваючы найлепшыя пажаданні: несці праўдзівую інфармацыю, пісаць пра навіны і людзей Карэліцкага краю, захаванне гістарычнай памяці і традыцый беларускага народа, а таксама змяшчаць на яе старонках рэкламныя звесткі і праграму тэлебачання — заставацца надзейным сябрам і добрым дарадцам. Усе старанні прыкласці для таго, каб слова адгукалася ў сэрцах чытачоў і заклікала на новыя і карысныя справы.

Людміла Сяргееўна НАВУМОВІЧ, жыхарка г. п. Карэлічы, расказвае:
— Шмат гадоў выпісваю «Полымя». Мне падабаецца чытаць пра падзеі, якія адбываюцца ў Карэлічах і раёне. Я чытаю ўсё па парадку. Пачынаю з апошняй старонкі, дзе змяшчаецца «Віншавальная паштоўка», і радуюся за юбіляраў з нагоды важнай падзеі ў іх жыцці. Затым перачытваю першую і другую старонкі. Цікаўлюся навінамі, якія адбываюцца ў нашай краіне, дзе пабываў і з кім сустракаўся Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, чым жывуць беларусы і што іх хвалюе.
Люблю чытаць і пра людзей Карэліцкага краю. Я сама родам з горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці. На Карэліччыне жыву 47 гадоў, і людзі гэтага цудоўнага краю сталі для мяне блізкімі па духу, таму чытаю пра іх поспехі з вялікім задавальненнем.
Жадаю «Полымя» мець шмат падпісчыкаў, каб яны ахвотна чыталі любімую раёнку, каб карысталіся рэкламнымі звесткамі, каб тэлефанавалі ў рэдакцыю і ўзнімалі хвалюючыя пытанні. Хачу зазначыць, што для пенсіянераў газета з’яўляецца надзейным сябрам і добрым дарадцам. У ёй можна пазнаёміцца з навінамі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, можна карыстацца і праграмай тэлебачання. Няхай і далей раёнка радуе чытачоў!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ