В Мирском замке начала работать выставка «Жизнь без границ», посвященная Международному дню инвалидов
3 снежня ў Мірскім замку пачала працаваць выстава “Жыццё без межаў”. Яна з’яўляецца сумесным праектам музея “Замкавы комплекс “Мір” і ўстановы “Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат “Вяча”, якая знаходзіцца ў аграгарадку Астрашыцкі Гарадок.
Выстава прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў і накіравана на прыцягненне ўвагі грамадскасці да таленту і патэнцыялу людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У інфармацыйна-касавай зале музея прадстаўлена больш за 20 работ Аляксея Ерышава і Ніны Кныш, якія з дапамогай мастацтва дзеляцца сваімі асабістымі праблемамі, пачуццямі і хваляваннямі.
Трэба адзначыць, што Мірскі замак прымае работы падапечных сацыяльнага пансіяната ўжо другі год запар. Для музея гэтае супрацоўніцтва з’яўляецца каштоўным і важным, бо падтрымка інклюзіўнага мастацтва дазваляе ўсталяваць сувязь з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў. Яно стварае больш адкрытае і даступнае культурнае асяроддзе, дзе кожны чалавек можа адчуць сябе важным і быць пачутым.
Работы, прадстаўленыя на выставе, з’яўляюцца вынікам плённай сумеснай працы падапечных Аляксея і Ніны і іх таленавітага кіраўніка – Таццяны Лойка. Менавіта яна стварае ўтульную атмасферу ў майстэрні “Вясёлка ідэй”, якая працуе на базе пансіяната, а таксама дапамагае падапечным развіваць важныя навыкі, працавітасць і крэатыўнае мысленне.
Ніна піша прыгожыя нацюрморты і пейзажы ў тэхніцы алейнага жывапісу. Аляксей часцей працуе ў жанры партрэта, пейзажа і анімалістыкі. Некаторыя карціны мастакоў, прадстаўленыя на выставе, могуць здацца крыху загадкавымі. Аднак кожная асобная работа – гэта не проста карціна, гэта своеасаблівая гісторыя барацьбы, надзеі і натхнення.
Выстава “Жыццё без межаў” будзе працаваць у Мірскім замку па 19 студзеня 2025 г.
Вераніка Красоўская,
навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”