Время выбрало нас: диалог с молодежью о будущем Беларуси состоялся в Кореличском районе
18 снежня на базе Турэцкага Дома культуры і вольнага часу ў фармаце дыялогавай пляцоўкі “Час выбраў нас” прайшло пасяджэнне клуба «Малады спецыяліст».
Гэта была жывая і шчырая размова, а яе ўдзельнікі – працоўная моладзь і эксперты – выказвалі свае меркаванні, ідэі і прапановы датычна развіцця і рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў нашым рэгіёне.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей, намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан, дырэктар ДП “Чарняхоўскі-Агра” Наталля Дубкова і старшыня Турэцкага сельвыканкама Мікалай Шуляк.
Спікеры звярнулі ўвагу на магчымасці раскрыцця здольнасцяў чалавека, іх прымянення на кожным жыццёвым этапе, што з’яўляецца складнікам каштоўнасці жыцця. Далі сваю трактоўку галоўным каштоўнасцям жыцця і для чаго час выбраў менавіта яго.
Звяртаючыся да прысутных у зале маладых людзей, мадэратар пляцоўкі Ірына Бондарава адзначыла, што ў нашай краіне прыярытэтным з’яўляецца стварэнне ўмоў для эфектыўнай самарэалізацыі моладзі, фарміраванне ў яе актыўнай грамадзянскай пазіцыі праз патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне. Паводле яе слоў, менавіта новае пакаленне беларусаў сёння закладвае асновы палітычнага курсу, робіць свой уклад у эканамічнае развіццё краіны, фарміруе грамадскую думку.
Працу дыялогавай пляцоўкі пачаў старшыня райвыканкама Андрэй Гардзей, які адзначыў, што моладзь адыгрывае важную ролю ў сучасным грамадстве. Гэта найбольш дынамічная і перспектыўная частка насельніцтва, якая здольная ўнесці вялікі ўклад у розныя сферы жыцця, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай і сацыяльнымі зменамі. Сённяшнія юнакі і дзяўчаты з’яўляюцца рухаючай сілай, здольнай паўплываць на палітычныя працэсы і фарміраванне каштоўнасцяў у грамадстве. Матываваная, адукаваная, актыўная моладзь – гэта, па сутнасці, стратэгічны рэсурс развіцця любой краіны. Бо ад таго, якую змену мы выхаваем, наколькі падрыхтуем да самастойнага жыцця, залежыць будучыня дзяржавы, прагрэс або дэградацыя грамадства.
Намеснік старшыні райвыканкама Яўген Чычкан адзначыў, што важнасць ролі моладзі ў сучасным грамадстве можна ўбачыць у яе здольнасці прыўносіць новыя ідэі. Актыўныя і ініцыятыўныя маладыя людзі валодаюць свежым поглядам на праблемы і выклікі, якія стаяць перад грамадствам, і могуць прапанаваць новыя падыходы і рашэнні. Таксама моладзь здольная актыўна асвойваць сучасныя тэхналогіі і перадаваць свае веды старэйшым пакаленням, спрыяючы тэхнічнаму прагрэсу і развіццю розных сфер жыцця.
Пра шлях у прафесію, станаўленне ў ролі кваліфікаванага спецыяліста расказалі моладзі дырэктар ДП ”Чарняхоўскі-Агра” Наталля Дубкова, культарганізатар Жухавіцкага Дома культуры і вольнага часу Кацярына Жамойда, настаўнік сярэдняй школы г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай Анастасія Ліхач і трэнер дзіцячай спартыўнай школы Максім Кохан.
Інтэрактыўнасць у выглядзе “Маладзёжнай гульні” правяла першы сакратар Карэліцкага РК ГА “БРСМ” Таццяна Шэўка, а работнікі культуры падарылі нумары мастацкай самадзейнасці прысутным.
Слова – удзельнікам
Настаўнік Жухавіцкай сярэдняй школы Ангеліна Дзямбоўская адзначыла:
– Дыялогавыя пляцоўкі даюць магчымасць не толькі ўносіць прапановы, але аналізаваць сумесна з экспертамі, да чаго могуць прывесці канкрэтныя пераўтварэнні. Хочацца адзначыць найвышэйшую актыўнасць моладзі, якая хоча ўдзельнічаць у жыцці рэгіёна. Прагучала шмат прапаноў, звязаных з механізмамі ўдзелу маладых людзей у прыняцці важных палітычных рашэнняў. І вельмі важна, што пасля заканчэння дыялогавай пляцоўкі большасць удзельнікаў выйшлі з адзіным меркаваннем: моладзь павінна несці пазітыўныя змены, спрыяць развіццю і ўмацаванню дзяржавы.
Інжынер СВК “Жухавічы” Уладзіслаў Цімашэнка выказаўся:
– Гэта не першая дыялогавая пляцоўка з удзелам кіраўніцтва раёна, у якой мне давялося прыняць удзел. Што характэрна, сам фармат сустрэчы паказаў галоўны момант – дыялог дае шанс разабрацца і пачуць адзін аднаго. Мне хочацца адзначыць і тое, што сёння сучасная моладзь здольная паказваць жывую цікавасць і сур’ёзную ініцыятыўнасць у рэалізацыіі цікавых ідэй, і вельмі важна ўбачыць і адчуць своечасовую падтрымку збоку. Важна аб’яднацца і, захаваўшы стабільнасць у грамадстве, выйсці на новы стваральны ўзровень у развіцці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара