Сацыяльны работнік з Карэліч Вольга Лагута: «Я нясу дабро людзям, і на душы ў мяне святлее»
На жыццёвым шляху сустракаюцца людзі, з якімі пагаворыш гадзіну-другую — і быццам народзішся на свет нанова. Столькі святла, чысціні, цеплыні закладзена ў іх, што хопіць на дзясяткі-сотні іншых. Яны не хаваюць свайго духоўнага скарбу, шчодра дзеляцца ім з тымі, каму патрэбны падтрымка і дапамога.
Сацыяльны работнік — патрэбная прафесія
Вольга Віктараўна Лагута амаль дваццаць пяць гадоў працуе сацыяльным работнікам. Пачынала ў Красненскім сельсавеце, абслугоўвала жыхароў Заполля і Краснага. Дзявятнаццаць гадоў спяшалася на дапамогу састарэлым і інвалідам у гэты цудоўны куточак, пакуль не перайшла на працу ў Карэлічы.
Сацыяльны работнік — патрэбная прафесія. Яна аказвае сваім падапечным разнастайныя паслугі на даму: купляе прадукты харчавання і медыкаменты, выпісвае рэцэпты на іх у райпаліклініцы і суправаджае на прыём да ўрача, аказвае дапамогу ў прыгатаванні ежы і іншыя паслугі. «Дзень распісаны па гадзінах, падапечныя прызвычаіліся да нашага візіту і чакаюць як надзейнага памочніка», — гаворыць жанчына.
Па меркаванні Вольгі Віктараўны, сацработнік павінен быць добрым і чулым, паважаць пажылых людзей і ставіць сябе на іх месца, праяўляць міласэрнасць, і калі патрэбна, пашкадаваць і падтрымаць. І што немалаважна: абавязкова добра выслухаць, пагаварыць па душах, даць тактоўную параду.
Кожны чалавек — гэта гісторыя…
— Яны розныя, у кожнага свой характар, — апавядае сацыяльны работнік. — Адны стрыманыя, другія пакрыўджаныя. Калі няма настрою, стараюся павярнуць размову — і крыўда знікае. Тут галоўнае: трэба згладзіць вуглы і не дапусціць канфліктаў. Многія давяраюць свае сакрэты, расказваюць пра гады маладосці, дзяцей, унукаў, праўнукаў, і разам радуемся добрым навінам.
На надомным абслугоўванні ў Вольгі Віктараўны знаходзіцца восем чалавек. Яны жывуць у Карэлічах на вуліцах Кастрычніцкай, Садовай, Прытыцкага, перавулках Зарэчным і Камсамольскім. У свой час працавалі ў розных галінах і мелі розныя прафесіі. Настаўнік, повар, медработнік, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання — за кожным чалавекам свая жыццёвая гісторыя. Сёння сталі для сацработніка блізкімі людзьмі, з якімі звёў лёс, і яны парадніліся.
Справа па закліку сэрца
Вольга нарадзілася ў вёсцы Горныя Руткавічы ў вялікай і дружнай сям’і. Дзяцей было чацвёра: дзве дачкі і два сына. Даглядалі адзін аднаго. Клапаціліся пра іх бабулі Зінаіда і Вольга. Маці працавала паляводам у калгасе імя Калініна, бацька — у меліярацыі.
Да працы дзеці былі прывучаны з дзяцінства: палолі дзялкі буракоў, садзілі і капалі бульбу, увіхаліся на сенакосе, дапамагалі па гаспадарцы і дома — шмат рознай працы пазналі іх рукі. «Мая сённяшняя праца мяне не палохае: з радасцю дапамагаю састарэлым і інвалідам. Гэтая справа па закліку сэрца, за яе яшчэ атрымліваеш заробак», — гаворыць субяседніца.
Сацыяльны работнік з’яўляецца жаданым госцем у доме сваіх падапечных. Не толькі дапамагае, але сагравае сваімі візітамі іх старасць. Не ўсе дзеці могуць часта наведвацца да састарэлых бацькоў, таму падтрымка вельмі відавочная. Да адных наведваецца ў тыдзень два разы, да другіх — тры, а да кагосьці — кожны дзень. Гэта залежыць ад стану здароўя абслугоўваемых грамадзян.
Дабрыня выратуе свет
— Людзі павінны больш прыслухоўвацца да просьбаў і пажаданняў іншых, — сцвярджае Вольга Віктараўна. — Мама Наталля Міхайлаўна прывучыла нас, дзяцей, паважаць старэйшых, шкадаваць іх, дзяліцца тым, што маем. «Лепей даць, чым прасіць», — гэты жыццёвы дэвіз па жыцці яна перадала нам. Таму не шкадую ні сіл, ні часу, ні сэрца, і ўсё аддаю людзям паважанага ўзросту. Рада, што ёсць такая служба, якая ахоўвае іх старасць.
Сацыяльны работнік пераканана ў тым, што больш увагі трэба ўдзяляць пажылым бацькам. Людзям састарэлага ўзросту патрэбны пастаянная ласка і добрае слова. Адкласці ўсе справы і абавязкова наведацца да іх. І абавязкова найчасцей тэлефанаваць. Ні ў якім разе не адкладваць візіты на потым.
Яны чакаюць родных, у асаблівасці, калі тыя паабяцалі прыехаць ці патэлефанаваць.
— Стары чалавек асабліва ранімы, — прадаўжае субяседніца. — Яго можна пакрыўдзіць нават словам. Я стараюся не адмаўляць у іх просьбах, калі нельга зрабіць сёння, то абавязкова выканаю ў наступны раз. Я не шкадую, што выбрала гэтую прафесію. Я нясу радасць і надзею адзінокім састарэлым і інвалідам. Мая праца патрэбная: стараюся несці дабро, і ад гэтага на душы становіцца святлей.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ