Депутат Александр Сонгин провел открытый диалог с трудовыми коллективами Кореличчины
15 студзеня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін у фармаце адкрытага дыялогу правёў сустрэчы з калектывамі СВК “Маяк-Заполле”, Красненскай сярэдняй школы і сярэдняй школы №1 г.п. Карэлічы.
Ужо зусім хутка наблізіцца найважнейшая палітычная падзея гэтага года –выбары Прэзідэнта Беларусі. 21 студзеня ў краіне пачнецца датэрміновае галасаванне, асноўным жа днём стане нядзеля, 26 студзеня. Кандыдаты прадставілі свае праграмы, справа выбаршчыкаў – вызначыцца з кандыдатам і, вядома ж, прыйсці на выбарчы ўчастак, аддаць свой голас, каб вырашыць будучыню роднай краіны.
Падчас сустрэчы Аляксандр Генрыхавіч спыніўся на важнасці ўдзелу ў электаральнай кампаніі кожнага, хто валодае выбарчым правам. Ён засяродзіў увагу на тых пазітыўных зменах, якія адбыліся за апошнія дзесяцігоддзі.
– Цяпер нам ёсць з чым параўнаць: у магазінах удосталь прадуктаў харчавання. І ўсё гэта сваё, беларускае, выпушчанае на нашых прадпрыемствах, нашымі работнікамі. Разам, сваёй самаадданай працай, мы будуем незалежную і суверэнную дзяржаву, робім усё, каб наша Беларусь стала яшчэ больш прыгожай і камфортнай. Мы ўсе бачым, што наша краіна — сацыяльна арыентаваная дзяржава, дзе забяспечваюцца стабільнасць і бяспека. І мы абавязаны зрабіць правільны выбар – захаваць мір і парадак у краіне, – зазначыў парламентарый.
Гаворачы аб кандыдатах на пасаду Кіраўніка дзяржавы, Аляксандр Сонгін адзначыў, што ўсе яны годныя. Але, перш чым зрабіць свой выбар, неабходна аб’ектыўна ацаніць тыя дасягненні і тыя поспехі, якіх дасягнула краіна за апошнія тры дзесяцігоддзі, і сумленна адказаць сабе на пытанне: наколькі важна для нас захаваць тое, што мы маем сёння: якасную адукацыю, даступную медыцыну, развітую сістэму сацыяльнай абароны грамадзян, стабільную эканамічную сітуацыю, мір і спакой у краіне.
– Я чалавек, які выконваў свой воінскі абавязак у гарачай кропцы, Нагорным Карабаху, ведаю цану міру і буду галасаваць у першую чаргу за мірную будучыню нашай краіны, – прызнаўся Аляксандр Генрыхавіч. – А ўсіх прысутных заклікаю прыйсці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой выбар, каб падтрымаць мірнае і паспяховае развіццё Беларусі, а таксама паказаць згуртаванасць нашага грамадства.
Запрасіла прыйсці на выбары і аддаць свой голас за аднаго з пяці кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.
– Прыняць удзел у галасаванні – абавязак кожнага, каму неабыякава Беларусь, – падкрэсліла Ірына Валер’еўна. – Ад нашага ўсвядомленага выбару залежыць, як наша краіна будзе развівацца ў бліжэйшыя пяць гадоў.
— Сустрэча атрымалася жывой і інфарматыўнай, — адзначыла эканаміст СВК “Маяк-Заполле” Вікторыя Базар. — Думаю, што кожны пачутае прыклаў да сябе. Так, напрыклад, сапраўды імідж дзяржавы залежыць ад той сацыяльнай палітыкі, якую яна праводзіць, бо сацыяльныя пытанні блізкія кожнаму. У нашай краіне ў гэтым кірунку з году ў год назіраюцца выключна станоўчыя тэндэнцыі. Прынята шмат новых законапраектаў, якія накіраваны на абарону мацярынства і дзяцінства. Хочацца таксама падкрэсліць важнасць сумеснай працы для дасягнення агульнай мэты — росквіту роднай Беларусі.
Сваім меркаваннем падзялілася і дырэктар ДУА “Красненская сярэдняя школа” Наталля Бурак:
— Безумоўна, такія сустрэчы неабходныя і вельмі карысныя. Жывыя зносіны з прадстаўнікамі ўлады такога ўзроўню дазваляюць даведацца і аб самых яркіх дасягненнях дзяржавы, і аб тых надзённых праблемах, якія існуюць у грамадстве. Акрамя таго, гэта выдатная магчымасць быць пачутым, атрымаць кампетэнтныя адказы на хвалюючыя пытанні.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара