Чем живут Мирский, Еремичский и Малюшичский сельсоветы

Мірскі сельсавет

Медык з чулым сэрцам

Загадчыца Аюцавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта Ганна Уладзіміраўна Манюк — нераўнадушны чалавек. Яна прыйдзе на дапамогу кожнаму хвораму па першым выкліку. Спяшаецца ў першую чаргу да пажылых і інвалідаў, у сем’і з непаўналетнімі дзецьмі. Не застаюцца па-за ўвагай і астатнія вяскоўцы. Медыцынскі работнік працуе ў цеснай сувязі з работнікамі Мірскага сельсавета.

Візіт дабрыні ў бальніцу

У рамках акцыі «Ад усёй душы» Мірская бібліятэка і члены валанцёрскага атрада «Стрыж» Мірскага дзяржаўнага каледжа наведалі аддзяленне сацыяльнага абслугоўвання Мірскай гарпасялковай бальніцы. Яны падарылі пацыентам  кнігі і салодкія пачастункі. Госці выказалі людзям залатога ўзросту словы падзякі за добрасумленную працу, жыццёвыя мудрасць і вопыт.

Працоўны дэсант у Міры

Праведзена высечка дравесна-хмызняковай расліннасці на землях агульнага карыстання па вуліцы Радуньскай у г.п. Мір сіламі Мірскага сельсавета, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і Мірскага дзяржаўнага каледжа.

Другое жыццё калодзежа

 

На землях агульнага карыстання ў вёсцы Беражна, па вуліцы Школьнай, недалёка ад магазіна райспажыўтаварыства, рэканструяваны грамадскі калодзеж. Добрую справу зрабілі работнікі Мірскага сельсавета і нераўнадушныя жыхары.

Ярэміцкі сельсавет

«Ярэміцкія маскі» працягваюць здзіўляць

Пры Ярэміцкім Доме культуры прадаўжае дзейнічаць «народны» тэатр гульні «Ярэміцкія маскі» (кіраўнік Валянціна Падалянчык).

Па-ранейшаму ярэміцкія маскі радуюць жыхароў Ярэміч і гасцей аграгарадка. Толькі ў навагоднія святы выступленні тэатра паглядзелі больш за 100 чалавек. На прадстаўленне прыехалі гледачы з многіх населеных пунктаў раёна.  «Ярэміцкія маскі» будуць і далей радаваць сваіх гледачоў новымі пастаноўкамі.

Рэтра-выстава са шкла

У Ярэміцкай базавай школе імя У. А. Калесніка  арганізавана рэтра-выстава навагодніх цацак. Тут можна ўбачыць шкляную гародніну і садавіну, казачных герояў, бытавую тэхніку і многае іншае. Усе гэтыя цацкі мінулага стагоддзя на яловых лапках радавалі вока. Акрамя гэтага, на выставе можна палюбавацца і навагоднімі паштоўкамі, якімі віншавалі сваіх родных нашы бабулі і мамы.

На пенсіі жыццё толькі пачынаецца

Ірына Мікалаеўна і Аляксандр Аляксандравіч Паплаўскія з аграгарадка Ярэмічы на заслужаным адпачынку не любяць траціць марна час. Кожны з іх імкнецца знайсці сабе справу па душы. Жанчына працуе сацыяльным работнікам, абслугоўвае састарэлых у Ярэмічах і Сіняўскай Слабадзе, і сваю справу   любіць. А яшчэ моцна любіць зямлю, да якой разам з мужам імкнуцца прыкласці рукі. У агародчыку растуць маліна, клубніцы, буякі, агародніна і шмат кветак.

Яны любяць ездзіць у лес па грыбы і ягады, хапае дароў прыроды і сабе, і людзям. Ёсць у сям’і Паплаўскіх і свае захапленні: гаспадар пляце кошыкі і вяжа венікі, а гаспадыня любіць рыбалку. Вось такія яны, няўрымслівыя па характары, бо не заглядаюць у пашпарт. Мараць аб тым, каб быў мір на зямлі. «Жыццё на пенсіі цудоўнае, толькі не трэба траціць яго дарэмна», — перакананы ярэміччане.

Малюшыцкі сельсавет

Захапленні Марыі Ждан

Вышыўка – гэта не толькі прыемнае баўленне часу, але і тонкая ручная работа, у якую майстар укладвае сваю душу. Вось ужо шмат гадоў па-майстэрску вышытыя вырабы Марыі Антонаўны Ждан з  вёскі Волца прыцягваюць погляд вяскоўцаў, родных і знаёмых майстэрскім спалучэннем рознакаляровых нітак.

Зараз Марыі Антонаўне 76 гадоў, а вышыўкай яна   пачала займацца, калі была шасцігадовай дзяўчынкай. Спачатку назірала за стараннымі рукамі маці, якія з любоўю пакідалі на ручніках і сурвэтках прыгожыя кветкі. А потым,   узяўшы ў рукі іголку, пачала вышываць сама.  І з тых часоў з гэтым займальным заняткам  не растаецца.  Зараз  вельмі часта ўзоры, вышытыя на вырабах,  – гэта імправізацыя. Жанчына  нават можа  не карыстацца схемамі, проста выношвае задумку, а потым натхнёна пераносіць яе на тканіну.

– Маё хобі    па-сапраўднаму   стала любімай справай, – расказвае Марыя Антонаўна, – людзям падабаюцца такія  рэчы. Вышыўка  запатрабаваная, яна прыгожа глядзіцца на сучаснай вопратцы і ў інтэр’еры.  Калісьці вышыванкамі быў упрыгожаны алтар Малюшыцкай царквы, ёсць  мае работы і ў Канадзе, і ў Германіі.  Такія работы любяць за стыль і ўнікальнасць, бо кожны створаны ўзор мае сваё сакральнае значэнне. Нават калі пусціць у ход фантазію і змяніць нешта на свой густ, усё роўна зробіш гэта так, каб узор быў цэласным, усе дэталі дапаўнялі і падкрэслівалі адна другую, – упэўнена  майстар.

З кожным годам калекцыя вышытых вырабаў  папаўняецца. Акрамя вышывання,  жанчына ўжо больш чатырох  гадоў назад асвоіла тэхніку  пляцення вырабаў з папяровай лазы.

Перамагаючы слабасці 

На мехмайстэрнях агр. Малюшычы ДП “Малюшычы”  адбылося пасяджэнне камісіі па садзейнічанні сям’і і школе, барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Падчас яе  работы  разгледзелі пытанні выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны“, а таксама пытанне прафілактыкі пажараў і папярэджанне надзвычайных сітуацый у жылым сектары.

Па выніках работы камісіі выпрацаваны шляхі і метады працы па дадзеных пытаннях.

Служба информации «Полымя»