Первый в районе. В Кореличском загсе прошла торжественная регистрация ребёнка
Правядзенне такіх цырымоній стала ўжо традыцыйным, і кожная з іх праходзіць вельмі трапятліва і цёпла. Як вядома, сапраўднае сямейнае шчасце поўнае толькі тады, калі ў доме гучаць дзіцячыя галасы. Гэта меркаванне цалкам падзяляюць у сям’і Юрыя і Яўгеніі Каралько з г.п. Карэлічы. 8 студзеня іх ячэйка грамадства папоўнілася дачушкай. Нараджэнне немаўляці заўсёды напаўняе жыццё сям’і асаблівым святлом і падпарадкоўвае жыццё новым рытмам і правілам. І першае, што робяць бацькі – гэта даюць дзіцяці імя. Адэліна. Так назвалі маладыя бацькі сваю дзяўчынку. Імя абяцае шмат добрых якасцяў, гэта ў сваёй большасці няўрымслівыя і высакародныя людзі.
Са шчырымі пажаданнямі да бацькоў звярнулася начальнік аддзела ЗАГС Валянціна Сіўко:
– Дзень рэгістрацыі нараджэння з’яўляецца не толькі асаблівым, але і важным. У гэты момант у чалавека з’яўляецца першы ў яго жыцці дзяржаўны дакумент – пасведчанне аб нараджэнні, дзіця становіцца афіцыйна грамадзянінам сваёй краіны. Хай тая любоў, якую вы будзеце ўсёй сям’ёй дарыць Адэніне зараз, з гадамі будзе аддавацца любоўю ў адказ і клопатам пра вас, – звярнулася да шчаслівых бацькоў Валянціна Міхайлаўна і з цёплымі словамі пажаданняў дабра і шчасця ўручыла пасведчанне аб нараджэнні.
Раздзяліць радасць сям’і Каралько прыйшлі калегі па працы, бацькі Юрыя, супрацоўнікі Карэліцкага РАНС. Самыя шчырыя пажаданні гучалі ў гэты дзень і ад прадстаўнікоў Карэліцкай раённай арганізацыі ГА ”Беларускі саюз жанчын”, і ад дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэсы Сямібратавай. Акрамя прыгожых і цёплых слоў віншавання, госці ўручылі бацькам кветкі і падарункавы сертыфікат, і, безумоўна, гасцінцы для маленькай карэліччанкі.
Выратавальнік Карэліцкага РАНС Юрый Каралько і прадавец магазіна “Белтавіс” Яўгенія стварылі сям’ю ў 2018 годзе. Маладыя бацькі сур’ёзна ставяцца да сямейных каштоўнасцяў, бо гэта найважнейшы падмурак, на якім будуецца жыццё любога чалавека. Абодва лічаць, што фарміраванне асобы пачынаецца менавіта ў сям’і. Дзецям неабходна на ўласным прыкладзе паказваць, як важна сям’я, тлумачыць, чаму неабходна шанаваць традыцыі.
Упэўнена, што прыемныя ўспаміны, якія пакінула ўрачыстасць, падрыхтаваная супрацоўнікамі ЗАГСа для сям’і, застануцца з імі на ўсё жыццё. А сямейны альбом папоўніцца новымі фотаздымкамі, якія надоўга захаваюць гэтыя шчаслівыя імгненні.
Хочацца ад усёй душы і нам павіншаваць маладую сям’ю з нараджэннем самага вялікага шчасця. Мы шчыра жадаем моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту. Хай праменьчык новага жыцця падорыць вам бязмерную любоў і цеплыню!
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара