Рождественский салон в Кореличах собрал зрителей разных возрастов

Вялікая сіла ў музыкі. Яна можа ўскалыхнуць душу, узняць настрой, вярнуць з забыцця. Слухаючы мелодыі, становішся сведкай непаўторных талентаў. Выканаўцы дораць яго спаўна.

Так было і падчас правядзення Каляднага салона «Музыкі чароўныя гукі» ў Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў.

У актавай зале ўстановы культуры шматлюдна. Тут сабраліся карэліччане ад малога да старога, і ўсе ў чаканні цуда. Настаяцель царквы святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Карэлічы, іерэй Ігар Пірог жадае ўдзельнікам урачыстасці вялікай радасці і Боскай дапамогі ў святочныя дні і паўсядзённым жыцці. З вуснаў Марыі Мікалаеўны Лаўрушчык з г.п. Карэлічы гучыць уласны верш «Неопалимая Купина»,  напісаны на рэальных падзеях.

Свята прыходзіць ва ўрачыстую залу. На сцэну ўзнімаюцца выканаўцы  мелодый. «Мы Хрыстоса прыйшлі праславіць, а вас са святам павіншаваць!» — гавораць яны і дораць шчаслівыя імгненні сустрэчы з музыкай і словам. Гэта робяць вядомыя і любімыя карэліччанамі калектывы «Арыета» і «Віланэла», якімі кіруе Таццяна Кулак. Па яе меркаванні, «Нараджэнне Хрыстова — вялікая падзея. Для некаторых ёлка, застолле, госці, але самае галоўнае — наша надзея на выратаванне. «Дзякуючы музыцы, далучаемся да тых калектываў, якія ўслаўляюць Хрыста,»— адзначае кіраўнік творчых калектываў. Слухаем мелодыі — і глыбока кранае песня, якая выконваецца на англійскай мове, сэнс яе закладзены ў словах: «Нараджэнне Хрыстова — гэта час любіць».

Як высвятляецца пазней, гэты дзень для выканаўцаў чароўных мелодый незвычайны: «Арыета» і «Віланэла» адзначаюць свае юбілеі — 30-годдзе з дня заснавання. Дырэктар Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Сняжана Каляда зачытвае Прывітальны адрас і ўручае кіраўніку Таццяне Кулак, а дзіцячай узорнай групе «Арыета» — сертыфікат.

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі, намеснік старшыні РА ГА «Беларускі саюз жанчын» Лілія Арцюх выказвае юбілярам прызнанне за песні, вершы, працу. «Вы робіце вялікую справу, якая пераконвае ў тым, што трэба быць  добрым і міласэрным», — адзначае яна і ўручае Таццяне Кулак Ганаровую грамату ад грамадскай арганізацыі.

Старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Юлія Шахрай прызналася ў тым, што ўвесь вечар яе перапаўнялі эмоцыі, і паведала аб тым, што Таццяна Аляксандраўна была яе педагогам па вакале. Уручыла Падзяку юбіляру ад прафсаюзнай арганізацыі галіны.

«Я пабываў сёння ў Віфліеме,» — даў высокую адзнаку   мерапрыемству іерэй Ігар Пірог. Адзначыў, што трэба прыпыніцца і задумацца: адбылася падзея сусветнага значэння. Святар пажадаў Боскай дапамогі і каб спадарожнічала радасць. Узнагародзіў граматай Марыю Каляду, якая заняла другое месца ў конкурсе «Творчая прыгажосць Боскага свету».

— Атмасфера святла, дабра, любові акружае нас. Удзячна  разумным, таленавітым і працаздольным дзецям. Словы прызнання адрасую калегам і адміністрацыі школы — разам можна дасягнуць пастаўленай мэты. Радуе, калі на душы цёпла і ўсё ладзіцца, — адзначыла Таццяна Кулак.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ