В Кореличах состоялась премьера фильма «Птица Феникс Алексея Талая»

Мы любім жыццё ў розных яго праяўленнях. У хвіліны роспачы стараемся трымацца на плыву — і ўдзячны лёсу за тое, што яно ў нас ёсць. Як і за тое, што сярод нас жыве шмат сапраўдных герояў дня, з якіх бяром прыклад. Вучымся ў іх стойкасці, сіле волі, жыццялюбству. Імкнёмся заставацца людзьмі, колькі б нам гэта ні каштавала і ў якіх жыццёвых абставінах мы ні аказаліся.

Фільм «Птица Феникс Алексея Талая» — яскравы прыклад таго, што чалавек можа выстаяць у самы складаны момант, узняцца над сваімі праблемамі, дабіцца пэўных вынікаў. У першую чаргу кінастужка павучальная для моладзі: не трэба апускаць рукі ў цяжкай сітуацыі і можна дасягнуць  многага. Як і герой фільма Аляксей Талай: быць паспяховым у бізнэсе, займацца дабрачыннасцю, любіць спорт і быць шчаслівым сем’янінам і бацькам.

Сапраўды, інваліднасць не прыгавор. Бяда прыйшла да героя фільма нечакана. Напярэдадні Дня Перамогі гасцяваў у вёсцы ў дзядулі, дзе адбылася трагедыя. Міна ў зямлі яшчэ з ваенных часоў пазбавіла рук і ног. Ён застаўся жыць і на прыкладзе ўласнага жыцця даказаў, што нават з інваліднасцю можна дасягнуць многага.

У Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры было шматлюдна. Тут сабраліся вучні сярэдняй школы № 1 г.п. Карэлічы. Яны скіравалі свае позіркі на экран і ўважліва сачылі за дэманстрацыяй кінастужкі. Дзяўчатам і юнакам было што паслухаць і што паглядзець. Гэты фільм для тых, хто шукае сябе ў жыцці і аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, а таксама для тых, хто любіць глядзець добрыя фільмы.  Маладыя гледачы не пашкадавалі аб убачаным: у іх адбылася цудоўная сустрэча з Чалавекам з Вялікай Літары.

Марыя МАНКЕВІЧ,

вучаніца 11 класа

ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:

— Аўтабіяграфічныя фільмы становяцца ўсё больш актуальнымі. Гэтая кінастужка, прагледжаная мною, пра моцнага сапраўднага мужчыну Аляксея Талая, які захапіў мяне сваёй стойкасцю, жыццярадаснасцю, дабрынёй. Сімвалічная назва фільма «Птица Феникс Алексея Талая» адлюстроўвае яго сутнасць. Я лічу, што ён вучыць нас быць добрымі ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо гэтыя людзі, магчыма, значна мацнейшыя за нас духам. Фільм заклікае задумацца аб каштоўнасцях жыцця і тым, што мы маем.

Мілана АРАБЕЙ,

вучаніца 11 класа

ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы»:

— Мне вельмі спадабаўся гэты фільм. Ён напоўнены  глыбокім сэнсам. Паказвае гісторыю чалавека, які нягледзячы на нанесеныя раны, знайшоў у сабе сілы рухацца далей. Галоўны герой змог знайсці шчасце ў асабістым жыцці. Стварыў сям’ю, прыладкаваўся да быту, пабудаваў кар’еру, стаў паспяховым бізнэсменам, спартсменам-параалімпійцам.

Фільм вучыць нас не здавацца перад цяжкасцямі і ніколі не апускаць рукі.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ