Как озимые переносят теплую и бесснежную зиму, узнали в управлении сельского хозяйства Кореличского райисполкома (+инфографика структуры посевных площадей)

Не па сезоне цёплае надвор’е  захавалася ў Беларусі да канца студзеня. І пакуль многія здзіўляюцца пупышкам на дрэвах, аграрыі пільна назіраюць за станам пасеваў азімых. Па інфармацыі Белгідрамета, незвычайна цёплае надвор’е не дазваляе азімым культурам здабыць стан глыбокага фізічнага спакою, у найбольш цёплыя перыяды ў дзённыя гадзіны адзначаецца слабая вегетацыя. Нізкіх тэмператур, якія ўяўляюць небяспеку зімуючым культурам, пакуль не прагназуецца.

Клін азімых зерневых на Карэліччыне складае 13370 га, азімых крыжакветкавых (азімыя рапс і свірэпіца) — 4025 га. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама пастаянна адсочваюць стан пасеваў азімых культур і адзначаюць, што на некаторых палях пачалася нязначная вегетацыя раслін. Калі зіма возьме сваё і раптам ударыць мароз — расліны могуць загінуць. Аграномы ўзгадваюць прымаўку “куранят па восені лічаць” і кажуць, што меркаваць пра стан азімых на палях яшчэ вельмі рана.

Брыгадзір вытворчай брыгады СВК «Свіцязянка-2003» Юрый Фурс разам з аграномам-аграхімікам Юрыем Худніцкім аглядаюць пасевы азімага рапсу

Ва ўпраўленні адзначаюць: і азімыя зерневыя, і азімы рапс былі пасеяны ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, тэхналогія не была парушана. Для севу было выкарыстана насенне высокай рэпрадукцыі — суперэліты, эліты, 1-й і 2-й рэпрадукцыі.

Разам з аграномам-аграхімікам СВК “Свіцязянка-2003” Юрыем Худніцкім выязджаем на пшанічнае поле. Мужчына расказвае, што спецыялісты СВК не менш як два разы на тыдзень аглядаюць пасевы, вымяраюць колькасць сцяблін на квадратны метр:

— Стан азімых нядрэнны. Ідзе ў асноўным дзённая неактыўная вегетацыя, што, зразумела, няправільна. Расліна расходуе харчовыя элементы і цукры, а падкарміць нельга. Галоўнае, каб не было рэзкіх перападаў тэмпературы.

У мінулым годзе азімы рапс у гаспадарцы пачалі сеяць рана — у канцы ліпеня-пачатку жніўня, таму двойчы апрацоўвалі расліны ростарэгулятарамі і адначасова падкормлівалі мікраэлементамі.

Азімы клін у гаспадарцы складае 1500 га, з якіх на 700 га пасеяна пшаніца, 200  — азімае трыцікале, па 300 га займаюць азімыя ячмень і жыта. Азімы рапс пасеяны на 600 га.

— На дадзены момант падсяваць і ўшчыльняць пасевы не патрэбна. Пакуль колькасць зерневых на квадратны метр складае 350-370 штук, гэта добрая перазімоўка. Калі так будзе і далей, то азімыя добра перанясуць апошні зімовы месяц, — рэзюмаваў субяседнік.

Сяргей СТОЛЯР

Фота аўтара

Азімыя зерневыя на Карэліччыне пасеяны на 13370 га: азімае жыта займае 550 га, пшаніца — 8233, трыцікале — 1882, ячмень — 2705. Азімыя крыжакветкавыя пасеяны на 4025 га: рапс — на 4020, свірэпіца — на 5.

Пад яравыя зерневыя і зернебабовыя ў раёне адведзена 7033 га. Пшаніца будзе пасеяна на 755 га, трыцікале — на 240, ячмень — на 2281. Пад яравы авёс адведзена 40 га, пад кукурузу на зерне — 2507, грэчку пасеюць на 270 га.

Зернебабовыя культуры плануюць пасеяць на 1140 га, з іх гарох зойме 690 га, лубін — 20, кармавыя бабы — на 30, зернебабовыя сумесі — 200, соя — 200.

Пад тэхнічныя культуры адведзена 6218 га. Насенне рэдзькі алейнай пакладуць у глебу на 5 га, лёну-даўгунцу — 2150, цукровых буракоў — 4063.

Бульбу пасадзяць на 125 га, гародніну — 131.

Кармавыя культуры запланаваны на 14047 га, у тым ліку кукуруза на сілас — 5604, аднагадовыя травы — 1034, шматгадовыя травы — 6979, азімыя зерневыя на зернесянаж — 430.

Інфаграфіка Сяргея СТОЛЯРА