Какие задачи ставят перед собой в Год благоустройства активисты Кореличского РК ОО «БРСМ»

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 2025 год аб’яўлены Годам добраўпарадкавання, які дасць старт пяцігодцы якасці. Адным з пунктаў Указа прадугледжваецца актывізацыя валанцёрскага руху і рэалізацыя грамадзянскіх ініцыятыў, накіраваных на добраўпарадкаванне краіны. Якім будзе 2025 год для Карэліцкага райкама ГА “БРСМ”, расказала першы сакратар Таццяна Шэўчык.

— Работы па добраўпарадкаванні хопіць усім. У нас дастаткова ідэй для рэалізацыі розных праектаў, атрымаюць другое дыханне тыя, якія з цягам часу адышлі на другі план. Напрыклад, з 2008 года сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь праводзіцца акцыя “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак” з мэтай выхавання беражлівых адносін да прыроды і прыцягнення моладзі да добраўпарадкавання месцаў масавага адпачынку. Добраўпарадкаванне — гэта не толькі навядзенне парадку, а яшчэ і стварэнне ўтульнасці і камфорту, каб чалавеку было прыемна знаходзіцца там, дзе ён жыве, вучыцца альбо працуе, адпачывае. Пачынаць варта са свайго двара, вёскі ці аграгарадка, пасёлка.

Маладзёжны лідар раёна ўпэўнена: усё пачынаецца з сям’і. Выхаванне беражлівых адносін да наваколля, чысціні і адказнасці — задача бацькоў, якую нельга цалкам перакладаць на выхавальнікаў дзіцячых садкоў і настаўнікаў. Калі дзіця расце ў сям’і, дзе прынята не смеціць, прыбіраць за сабой, калі яно бярэ ў гэтым прыклад з бацькоў і старэйшых братоў і сясцёр, у гэтым вялікая сіла і залог добраўпарадкавання. Пачынаць варта з элементарнага. Растлумачыць, што смецце нельга выкідаць на дарогу, а неабходна данесці да сметніка. Чалавек, які разумее гэта з дзяцінства, будзе прыкладам для іншых і з вялікай ахвотай далучыцца да акцыі па навядзенні парадку ў сваім населеным пункце.

Школьнікі наводзяць чысціню на мемарыяле «Зорка»

На Карэліччыне працуюць валанцёрскія атрады, якія робяць вельмі шмат для добраўпарадкавання культавых месцаў раёна, паркаў і сквераў, асобных вуліц і дамоў. Дзеці з задавальненнем прымаюць удзел у сумеснай рабоце і больш адказна ставяцца да чысціні і парадку. Напрыклад, карэліцкія добраахвотнікі даглядаюць мемарыяльны комплекс “Зорка”, воінскія моглікі ў райцэнтры, сквер імя Мікалая Арцюха. За кожнай школай замацаваны помнікі, на якіх валанцёры некалькі разоў на год наводзяць парадак.

Вялікую ролю ў выхаванні беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя іграюць студатрады. У мінулым годзе ў студатрадах на Карэліччыне працавала 175 чалавек. Сёлета плануецца, што поплеч з прафесіяналамі сваёй справы будуць шчыраваць 192 студатрадаўца.

— Усе прадпрыемствы, у якіх працуюць байцы студэнцкіх атрадаў, прадастаўляюць годныя ўмовы працы: заўжды ў наяўнасці неабходны інвентар, захоўваюцца ўсе нормы і правілы. Нашы байцы шчыруюць на збожжатоках, дапамагаюць рыхтаваць палеткі, збіраць ураджай на палях, выхоўваць дзяцей у ДАЛ “Вясёлка”. І ім гэта падабаецца, яны з задавальненнем запісваюцца ў студатрады, прыходзяць штодзень на працу і чакаюць, калі зноў пачнецца рабочая змена. Радуе, што многія дзеці разумеюць важнасць дабраўпарадкавання ў нашай краіне і з задавальненнем прымаюць удзел у працоўных акцыях. Дарэчы, штаб па запісу ў студатрады будзе працаваць у СШ № 1 райцэнтра 19 лютага, у СШ № 2 — 26 лютага.

Для таго, каб уключыцца ў работу па добраўпарадкаванні роднага краю, актывісты БРСМ не чакаюць запланаваных рэспубліканскіх і раённых суботнікаў. Яны гатовы прыйсці на дапамогу ў любы момант, наводзяць парадак каля помнікаў, на могілках, дапамагаюць прыбрацца ў дварах пажылых людзей. Таццяна Шэўчык робіць вывад, што добраўпарадкаванне — вялікая выгада для ўсіх і кожнага:

— Упэўнена, што ў бліжэйшую пяцігодку агульнымі намаганнямі грамадзян нашай краіны будзе нададзена дастаткова ўвагі стварэнню камфортнага і бяспечнага для жыцця і адпачынку людзей, што паспрыяе развіццю турызму. Граматнае добраўпарадкаванне ўплывае на здароўе, сацыяльную актыўнасць і настрой насельніцтва, на якасць жыцця ў цэлым.

Старшыня Маладзёжнага парламента пры Карэліцкім раённым Савеце дэпутатаў Юрый Юрчык расказвае, што Год добраўпарадкавання для маладых парламентарыяў пачаўся яшчэ ў 2024 годзе:

— Мы сумесна з дэпутацкім корпусам раёна яшчэ летась пачалі рэалізацыю праекта па добраўпарадкаванні ўнікальных прыродных аб’ектаў “Сэрца Карэліччыны”. Першым аб’ектам стала крыніца ў вёсцы Загор’е Красненскага сельскага Савета, над добраўпарадкаваннем якой вядзецца сур’ёзная праца. Да яе актыўна далучыліся многія арганізацыі і неабыякавыя жыхары раёна. На гэтым аб’екце плануецца зрабіць купель і ўсталяваць альтанку. У дадзены момант парламентарыі раёна рыхтуюць праект грамадзянскай ініцыятывы, накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва раёна, які ў бліжэйшы час будзе накіраваны ў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў для разгляду.

Юрый упэўнены: варта памятаць, што кожны жыхар раёна можа ўнесці сваю лепту, проста даглядаючы ўласныя ўчасткі, падтрымліваючы чысціню і парадак вакол месцаў свайго знаходжання.

Сяргей СТОЛЯР

Фота Святланы МАЛАХВЕЙ