Газета «Полымя» празднует свой 81-й день рождения

Бадай, няма прафесійнага свята, пра якое б ні расказвалася на старонках раёнкі, пра поспехі калектыву і працаўнікоў. Ёсць яно і ў журналістаў, якое прыпадае на 5 мая, — гэта Дзень друку. А вось «Полымя» мае сваю асаблівую дату: масава-палітычная газета пачала свой адлік з 13 лютага 1944 года і сёння прадаўжае ісці ў нагу з часам, і яе святла хапае на ўсіх.

Намеснік рэдактара газеты «Полымя» Станіслаў Лука, рэдактар Уладзімір Карпук, пісьменнікі Уладзімір Калеснік і Янка Брыль

Жыццё настолькі хуткаплыннае, што толькі паспявай сачыць за падзеямі, якія адбываюцца ў раёне, вобласці, краіне. Тут добрым памочнікам з’яўляецца сайт раённай газеты «Полымя», на якім прадстаўлена магчымасць журналістам і пазаштатным аўтарам паведамляць пра навіны, а яго карыстальнікам даведацца шмат змястоўнага і цікавага. Тут хацелася б адзначыць адну важную акалічнасць: інфармацыя змяшчаецца аператыўна, што яшчэ больш прыцягвае чытачоў. Да таго ж, пры жаданні можна падпісацца на навіны ў сацсетках: «ВКонтакте», «Одноклассники», «Facebook», «Instagram», «Telegram», «Тік Ток», «You Tube».

На старонках газеты «Полымя» знаходзяць адлюстраванне розныя кірункі. Гэта дзейнасць раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, пытанні сельскай  гаспадаркі, сацыяльнай абароны, медыцыны, адукацыі, культуры, гісторыі, спорту, турызму, маладзёжнай палітыкі, рэлігіі і іншыя. Не менш важна: у полі зроку журналістаў — заўсёды чалавек, які ўмее працаваць і адпачываць.

Шмат гадоў запар выпускаюцца творчыя праекты сумесна з установамі  раёна: «Сучаснік» (БРСМ), «Будзьце здаровы!» (Карэліцкая ЦРБ), «Актыўнае даўгалецце 65+» (ЦСАН Карэліцкага раёна), «Свет веры» (Карэліцкае благачынне), «Школьный меридиан» (аддзел адукацыі райвыканкама), «Территория безопасности» (РАНС) і іншыя. Папулярнымі рубрыкамі з’яўляюцца «Грамадства», «На планёрцы ў старшыні», «Аградзённік», «Твае людзі, Карэліччына», «Традыцыі і сучаснасць», «Юбілеі», «Акцыі» — пад імі змяшчаюцца матэрыялы на самыя актуальныя тэмы.

Асобна хочацца ўспомніць пра нашых надзейных памочнікаў — грамадскіх карэспандэнтаў. Больш трыццаці аматараў пяра падтрымліваюць творчае супрацоўніцтва з «Полымя». Сярод самых актыўных і нераўнадушных — Галіна Калтунова з райцэнтра. Яна з’яўляецца кіраўніком літаб’яднання «Рэчанька» пры раённай газеце «Полымя» і піша нарысы пра карэліччан. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Пянькоўская паведамляе пра падзеі і перадавікоў сельскагаспадарчай вытворчасці. У настаўніка сярэдняй школы № 2 г.п. Карэлічы Ларысы Шуглі асаблівы талент — яе фотаздымкі, якія прыцягваюць сваёй арыгінальнасцю: у вольны ад працы час яна прымае ўдзел у збожжаўборачнай кампаніі і раённых святах.

Хочацца адзначыць, што творчыя сувязі наладжаны з многімі калектывамі раёна, якія аказваюць падтрымку пры правядзенні падпісной кампаніі і прадастаўляюць інфармацыйныя звесткі пры падрыхтоўцы рэдакцыйных матэрыялаў, дзеляцца сваімі меркаваннямі і каментарыямі. Падчас правядзення Дзён падпісчыка ў Карэліцкім раённым вузле паштовай сувязі карэліччане выпісваюць любімую раёнку і выказваюць свае пажаданні ў адрас мясцовага выдання.

Супрацоўнікі газеты «Полымя» зацікаўлены ў тым, каб у раёнкі была будучыня і колькасць падпісчыкаў павялічвалася. Глядзяць у заўтрашні дзень з надзеяй, але не забываюць пра ўчарашні і ветэранаў працы. Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем галоўнага рэдактара, заслужанага журналіста Рэспублікі Беларусь Івана Шлыка, яго намесніка Станіслава Луку, фотакарэспандэнта Леаніда Лейку, галоўнага бухгалтара Ніну Захарчук, тэхнічнага рэдактара Лідзію Луку, карэктара Марыну Худобу, ленатыпіста Таісу Бінько і ўсіх тых, хто стаяў ля вытокаў выдання, і кожны на  сваім працоўным месцы ўносіў уклад у выданне «Полымя».

Няхай і надалей Яго Вялікасць Слова служыць землякам і гасцям Карэліцкага краю, а «Полымя» прыходзіць у кожную сям’ю і прыносіць добрыя весткі. Хай ніколі не патухне яго агеньчык і будзе свяціць людзям на іх жыццёвым шляху.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота з архіва рэдакцыі