1 февраля — Вечер встречи выпускников. Кореличчане вспоминают школьные годы

Вечар сустрэчы выпускнікоў — цудоўная традыцыя, якая дазваляе ўспомніць школьныя гады, сустрэцца з аднакласнікамі і настаўнікамі, падзяліцца навінамі і правесці час у кампаніі людзей, з якімі разам рос, набіраўся моцы і розуму. Напярэдадні вечара сустрэчы мы папрасілі карэліччан успомніць пра сваё школьнае быццё.

Дырэктар СШ № 1 райцэнтра Алена Аляксандраўна Вярбіцкая, якая скончыла Карэліцкую сярэднюю школу ў 1985 годзе, вучыцца ў райцэнтр прыйшла пасля заканчэння Запольскай васьмігодкі:

— Скончыўшы васьмігодку на “выдатна”, я паступіла ў Мінскі палітэхнічны тэхнікум, але правучылася там толькі два тыдні. Нічога не сказаўшы бацькам, забрала дакументы і вярнулася дадому. Фізіку ў Карэлічах тады выкладала Лілія Аляксандраўна Раманенка, і за самастойную работу я атрымала першую ў сваім жыцці двойку. Дзённік за 9 клас дагэтуль захоўваецца ў мяне.

Сённяшні кіраўнік адзначае, што настаўнікі моцна ўплывалі на будучае сваіх вучняў:

— Карэліцкая школа заўжды славілася сваімі педагогамі. Яны вылучаліся сваім майстэрствам, прафесіяналізмам, уменнем данесці свае веды да вучняў.  Людзі, якія кожны дзень прыходзілі да нас на ўрокі, пакінулі ў нашай душы часцінку сябе, за што я ім вельмі ўдзячная. Дзякуючы ім я змагла атрымаць залаты медаль. Асабліва моцна паўплывалі  Зінаіда Аляксееўна Шут і настаўніца з Заполля Алена Пятроўна Ракач. Менавіта дзякуючы ім я выбрала сабе настаўніцкі лёс.

Клас, у якім вучылася Алена Аляксандраўна, быў зборным (у ім, акрамя карэліччан, вучыліся дзеці з вёсак Беразавец, Заполле, Тударава, Стрэльнікі), але вельмі дружным.

— Класным кіраўніком у нас была Алена Іванаўна Заяц — вельмі шчырая і добрая жанчына. Дагэтуль памятаю, што 18 мая, у дзень яе нараджэння, заўжды віншавала яе з гэтым святам.

Разам з аднакласнікамі ставілі школьныя вечары, ладзілі балі-маскарады. Усё рабілі самі: складалі сцэнарыі, шылі касцюмы. Настаўнікі, бачачы зацікаўленасць вучняў, ішлі ім насустрач і дапамагалі ў арганізацыі мерапрыемстваў.

Яшчэ адной традыцыяй школьных гадоў, якая працягваецца і сёння, стала навядзенне парадку на мемарыяльным комплексе “Зорка”. Вучні, нібыта мурашкі, разбягаліся па ўсёй плошчы помніка, ачышчалі яе ад травы, што расла паміж пліт. Сёння “Зорку” трымаюць у парадку вучні Алены Аляксандраўны і яе калег. Як і шмат гадоў да гэтага, руплівыя старшакласнікі прыходзяць на мемарыял:

— Мы па-ранейшаму прывучаем іх захоўваць памяць, аддаваць даніну павагі людзям, якія адстаялі мір на Зямлі.

Алена Аляксандраўна ўспамінае, як яны ездзілі на экскурсіі, наведалі Рыгу, Вільнюс, Кіеў, пабывалі ў Кіеўска-Пячэрскай лаўры і Брэсцкай крэпасці. У якім захапленні была яна, калі ўпершыню ўбачыла помнік мужнасці абаронцаў заходніх варот краіны і ўсвядоміла моц савецкага салдата.

— Напярэдадні вечара сустрэчы выказваю падзяку ўсяму педагагічнаму калектыву сярэдняй школы № 1, калегам з іншых школ, аддзелу адукацыі і кіраўніцтву Карэліцкага райвыканкама за падтрымку, прафесіяналізм, адданасць педагагічнай працы. Здароўя, дабрабыту і здзяйснення самых запаветных жаданняў.

 

З вядучым інжынерам па цеплафікацыі ДП “Лукі-Агра” Дзмітрыем Жывенем сустракаемся каля варот Лукскай сярэдняй школы, якую ён скончыў 25 гадоў таму.

— Мы былі першым класам Уладзіміра Уладзіміравіча Грэмяко.  З намі ён спасцігаў азы прафесіі педагога.

Клас быў вельмі дружным і пранёс гэтае сяброўства праз дзесяцігоддзі. Кожны юбілей яны абавязкова сустракаюцца:

— Мы не маглі не стаць сябрамі. Амаль увесь вольны час праводзілі разам. Усё дзякуючы нашаму класнаму, які прывучаў нас не сядзець на месцы, быць у пастаянным руху.

— Мы ездзілі на Лузінаўку, на Свіцязь і хадзілі ў Цетранскі лес, — кажа Уладзімір Грэмяко. — Зразумела, што гэта падабалася дзецям, але і яны ў сваю чаргу не лайдачылі: дапамагалі нарыхтаваць дроў для вогнішча, калі сталі старэйшымі, маглі нават прыгатаваць нешта на кастры.

— Самае галоўнае, што мы былі разам, — дадае Дзмітрый. — Гэта выхоўвала ў нас пачуццё таварыскасці. Адна справа, калі ты разам сядзіш за партай у класе, дзе ты не зусім хочаш сядзець. Зусім іншае, калі вы сядзіце каля вогнішча, стомленыя, бо толькі што прайшлі некалькі кіламетраў на лыжах па глыбокім снезе, альбо праехалі іх на роварах, а пасля яшчэ і паблукалі па лесе, шукаючы галлё для кастра. Усе знясіленыя, але задаволеныя. І мы чакалі, калі будзе наступны паход, магчыма, недзе і надакучвалі настаўніку, але ён заўсёды прыслухоўваўся да нас.

— Гэта быў сапраўды вясёлы, актыўны і пазітыўны клас, — успамінае Уладзімір Грэмяко. — Ён застаўся такім у маёй памяці. Магчыма, таму што гэта быў мой першы клас, да іх у мяне нейкія асаблівыя пачуцці. Усе сілы былі накіраваны на тое, каб з’яднаць іх. Мяркуючы па тым, што яны кожныя пяць гадоў збіраюцца ў сценах роднай школы і запрашаюць на сустрэчы мяне, гэта атрымалася.

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена героямі публікацыі