Ветеран Великой Отечественной войны Надежда Кужелевич отметила свой девяносто пятый день рождения

6 лютага ветэран Вялікай Айчыннай вайны Надзея Пятроўна Кужалевіч адзначыла свой дзевяноста пяты дзень нараджэння. У гэты дзень яна з задавальненнем прымала гасцей, не скупілася на словы падзякі і добрыя пажаданні.

Павіншаваць ветэрана прыйшлі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Карэліцкага райвыканкама Іна Богуш, загадчык сектара культуры Карэліцкага райвыканкама Наталля Шпакоўская, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інэса Сямібратава, члены піянерскай арганізацыі СШ № 1 райцэнтра.


– Паважаная Надзея Пятроўна! Прыміце самыя шчырыя віншаванні з нагоды юбілея. Вы належыце да легендарнага пакалення пераможцаў, якое з гонарам прайшло праз найцяжэйшыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, і ўнесла свой сапраўды бясцэнны ўклад у агульную перамогу. Ваш жыццёвы шлях і любоў да Радзімы з’яўляюцца годным прыкладам для падрастаючага пакалення і для ўсіх нас, – адзначалі ў віншаваннях, адрасаваных юбіляру, госці.


Надзея Пятроўна нарадзілася 6 лютага 1930 года ў в. Крынкі Карэліцкага раёна. З мая 1943 года па красавік 1944 года была сувязной 1-га кавалерыйскага партызанскага атрада 1-й Беларускай кавалерыйскай брыгады былой Баранавіцкай вобласці. Ёй па некалькі разоў на дзень даводзілася пераадольваць адлегласць ад вёскі Крынкі да вёскі Турэц, дзе размяшчаліся немцы. Надзея Пятроўна мае пасведчанне ўдзельніка партызанскага руху і памятны знак «Партызан Беларусі». Ветэран і зараз не губляе прысутнасці духу, медалі і ордэны на парадным пінжаку ззяюць гэтак жа ярка, як і ўсмешка ў вачах. А жыццёвы аптымізм – і сёння нельга не заўважыць. Магчыма, у ім і заключаецца адна з прычын даўгалецця.

 

Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара