Работнікі Карэліцкага раённага ўнітарнага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі пачалі азеляненне раённага цэнтра

18 красавіка работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ прыступілі да азелянення пасёлка. А 18 гадзіне накіроўваемся да месца прызначэння. Уздоўж цэнтральнай шашы, пачынаючы ад Дома быту ў накірунку да кальцавой дарогі, кіпіць работа. Камунальнікі пасля сябе пакідаюць добрыя «сляды»: садзяць маладыя дрэўцы і агароджваюць іх.


Вядзём гутарку з начальнікам участка вадаправода і каналізацыі Карэліцкага РУП ЖКГ Мікалаем Сіўко.


— Сёння садзім дрэўцы каля веладарожкі па вуліцы Гагарына ад будынка Дома быту да рэчкі Рутка, — апавядае Мікалай Іванавіч. — Удзельнікамі акцыі з’яўляюцца работнікі ўчастка вадаправода і каналізацыі і рамонтна-будаўнічага ўчастка. Для пасадкі выкарыстоўваецца ліпа і бяроза, і ўжо першыя дваццаць пяць дрэўцаў высаджаны. Кожны год займаемся пасадкай уздоўж вуліц і ў парку — пытанню азелянення надаецца вялікая ўвага, прымаюць удзел усе работнікі камунгаса.
Цікавімся ў суразмоўцы, у чым жа заключаецца галоўны сакрэт пасадкі дрэўцаў. Адразу атрымліваем адказ: неабходна, каб іх карані былі ва ўрадлівым грунце, які дасць сілу для лепшага прыжывання і далейшага росту. Затым абавязковая паліўка і два-тры колышкі для апоры і абароны.
Маладыя дрэўцы садзяць для ўпрыгожвання населенага пункта і паляпшэння экалагічнай абстаноўкі — побач знаходзіцца шаша, па якой рухаецца шмат транспарту. Сёлета камунгасаўцы плануюць высадзіць каля 200 саджанцаў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА