Посмотрели, как работает мобильный ФАП в Кореличском районе

СКАЗАНА
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— У сферы аховы здароўя Беларусь займае адно з вядучых месцаў у свеце па даступнасці медыцынскіх паслуг для насельніцтва. Калі яшчэ 10 гадоў таму перасадка органаў у краіне была гістарычнай падзеяй, то цяпер гэта шырока распаўсюджанае бясплатнае для беларусаў медыцынскае ўмяшанне. Больш за паўтысячы такіх аперацый праводзіцца штогод не толькі ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах. Можна па праве ганарыцца тым, што мы змаглі скараціць мацярынскую смяротнасць больш як у 6 разоў, а дзіцячую ў 5,3 раза і маем адны з самых нізкіх паказчыкаў у Еўропе і сярод краін СНД. Дзякуючы ЭКА толькі за апошнія 5 гадоў на свет з’явіліся больш як 4 тыс. маленькіх беларусаў.

У час выступлення на пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, 24 красавіка 2024 года.

Мабільны ФАП для УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”   прыбыў на Карэліччыну   ў канцы мінулага   года і ўжо пачаў прымаць сваіх першых пацыентаў.

Галоўны ўрач Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы  Данута Скварада  адзначае:

– Перасоўны комплекс для нас стаў важным набыццём. Увогуле, ідэя перасоўнага ФАПа заключаецца ў тым, каб больш якасна абслугоўваць насельніцтва аддаленых вёсак сельскай мясцовасці. Стацыянарныя ФАПы,  як правіла, размяшчаюцца  ў аграгарадках і абслугоўваюць насельніцтва ўсіх бліжэйшых вёсак у радыусе 6-8 кіламетраў. Зразумела, фельчару  няпроста пераадольваць такую адлегласць, асабліва зімой. Акрамя гэтага, далёка не ва ўсіх пацыентаў ёсць магчымасць дабрацца да пункта першаснай даўрачэбнай меддапамогі. Выдатна, што нам удалося рэалізаваць праект мабільнага перасоўнага ФАПа. Ён даедзе да кожнага, нават самага аддаленага кутка раёна, своечасова акажа неабходную медыцынскую, у тым ліку экстраную і неадкладную дапамогу.  Распрацаваны графік выезда мабільнага ФАПа, магчыма, ён яшчэ будзе карэкціравацца, каб стаць аптымальным для насельніцтва. Асноўны работнік –  фельчар-акушэр Юлія Няборская.

Па словах Дануты Аляксандраўны, з цягам часу, у залежнасці ад патрэбаў насельніцтва таго рэгіёна, куды адправіцца комплекс,  будзе фарміравацца мабільная брыгада, у якую будуць уваходзіць і ўрачы вузкіх спецыяльнасцей.

Фельчарска-акушэрскі пункт на колах мае свае перавагі ў параўнанні са стацыянарнай установай аховы здароўя. Медработнікі могуць даехаць нават да самага аддаленага кутка раёна, своечасова і ў поўным аб’ёме аказаць неабходную медыцынскую дапамогу.  ФАП  будзе прыязджаць да сельскіх жыхароў па графіку, прыём пацыентаў будзе весціся  з 09.00 да 15.00. Падчас работы, калі будзе такая неабходнасць,  накіруецца і па адрасах да людзей, якія не могуць па стане здароўя самастойна прыйсці да перасоўнага комплексу. Хутка  мабільны ФАП  стане яшчэ і “аптэкай на колах”.

Карэспандэнт раённай газеты “Полымя” выехала паглядзець на свае вочы, як праходзіць прыём пацыентаў у перасоўным медкомплексе.

Машына з сюрпрызам унутры

Вёска Малая Вобрына  з выгляду  невялікая, але жыхароў тут хапае. Асабліва тых, хто ўжо ў сталым узросце. Выбрацца ў райцэнтр пажылым людзям даволі няпроста. На вуліцы заўважаю белую машыну з вялікім надпісам  – “Перасоўны медыцынскі пункт”. Вырашаю зазірнуць унутр. Мяне  сустракае фельчар Юлія Няборская.

– Добры дзень! Праходзьце, калі ласка, але давядзецца  пачакаць: у мяне на прыёме пацыентка, – ветліва гаворыць медработнік.

Вадзіцель Вячаслаў Васюк

Пакуль ёсць час,  знаёмлюся з вадзіцелем. Вячаслаў Васюк  працуе ў Карэліцкай ЦРБ ужо больш дванаццаці гадоў. Да таго, як перасесці  на машыну перасоўнага ФАПа, быў кіроўцам аўтамабіля “медыцынская дапамога”. Мужчына добра ведае дарожную сетку раёна  і таму  не выклікае ніякіх складанасцяў даехаць нават у самую маленькую вёсачку.

–  Нас ужо чакаюць, пытаюцца, калі мы ў наступны раз прыедзем. Усведамленне, што робіш патрэбную справу, прывозіш людзям медыцынскую дапамогу, вельмі грэе душу, – прызнаецца вадзіцель.

Усё ў адным месцы

За размовай з Вячаславам Багданавічам час пралятае незаўважна. Тым часам фельчар  Юлія Мікалаеўна, вызваліўшыся, гатова  паказаць нам сваё працоўнае месца.

Абсталяванне для правядзення медыцынскіх маніпуляцый

Акушэрска-гінекалагічны кабінет

Нягледзячы на невялікія памеры, у аўтамабілі размясціліся тры кабінеты. Першы адразу каля ўваходу. Тут зона з трыма месцамі для сядзення, дзе пацыенты чакаюць прыёму. Далей   праходзім за белыя дзверы і трапляем у святая святых – кабінет для прыёму пацыентаў. Тут  праводзіцца агляд пацыента і неабходныя абследаванні: ад вымярэння тэмпературы і артэрыяльнага ціску да зняцця электракардыяграмы і забору крыві для аналізу. Трэці кабінет, які ёсць у транспарце, –  акушэрска-гінекалагічны. У памяшканні ёсць бактэрыцыдны апрамяняльнік, аўтаномны абагравальнік, кандыцыянер, ракавіны з магчымасцю падагрэву вады. Для агляду пацыентаў і правядзення медыцынскіх маніпуляцый устаноўлены кушэткі, маніпуляцыйныя столікі, гінекалагічнае крэсла. Таксама ёсць шафы з паліцамі і халадзільнік для захоўвання лекаў.

– Аснашчэнне комплексу дазваляе аказваць хуткую медыцынскую дапамогу,  праводзіць агляд  і даць  кансультацыю на месцы. Можна паставіць вакцыну, зрабіць электракардыяграму,  узяць аналіз на цыталогію, праверыць кроў на цукар, – расказвае фельчар.  – На дадзены момант працую на пункце адна. Безумоўна, для правядзення паўнавартаснага медыцынскага агляду патрэбны ўрач, тады абследаванне будзе больш шырокім і дакладным.

Распрацаваны графік. Кожны тыдзень з панядзелка пачынаецца новае кола населеных пунктаў. Зоны падзеленыя ў адпаведнасці з бліжэйшымі амбулаторыямі. Інфармацыя пра новую паслугу распаўсюджваецца  работнікамі ФАПаў або амбулаторый, сельсаветаў і старастамі вёсак.

Фельчар Юлія Няборская маладая, але каштоўнага вопыту ўжо паспела назапасіць.

– Я больш чатырох гадоў адпрацавала фельчарам ў  сталіцы,  а са жніўня мінулага года – акушэрам жаночай кансультацыі Карэліцкай ЦРБ. Цяпер жа, па сутнасці, маё працоўнае месца заўсёды ездзіць са мной. У сярэднім за дзень на прыёме бывае  каля 16-18 пацыентаў.  Дарэчы, у некаторых выпадках мы можам і дома аказаць дапамогу, – дзеліцца медработнік. –  Калі шчыра, я ніколі не  думала, што давядзецца працаваць на  перасоўным ФАПе, але мне падабаецца.  Кабінеты добра абсталяваныя, усё новае і камфортнае. А пацыенты ветлівыя, прыемных пажаданняў і цёплых слоў ад іх мне ўжо, напэўна, да канца жыцця хопіць.

У гэты час каля аўтамабіля з’яўляецца  пацыентка. Зоя Радзівіл даўно на пенсіі, выехаць у райцэнтр для яе праблематычна.

Жыхарка вёскі Малая Вобрына Зоя Радзівіл на прыёме ў фельчара-акушэра Юліі Няборскай

– Мясцовыя жыхары вельмі задаволеныя, што цяпер да нас будзе прыязджаць медыцынскі пункт на колах.  У большасці  людзей майго ўзросту   ёсць праблемы са здароўем.  Я  часта звярталася па дапамогу ў    Турэцкую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, выклікала ўрача  на дом, а ў крытычныя моманты  тэлефанавала і на “хуткую дапамогу”. А цяпер вельмі зручна: прыедуць у вёску, абследуюць, усё падкажуць. Атрымліваецца, пастаянны кантроль за тваім станам здароўя, – выказалася пенсіянерка.

Прыняўшы  ўсіх пацыентаў, працягваем гутарку. Юлія Мікалаеўна расказала, што  спісы для наведвання і медабследавання вяскоўцаў медыкі рыхтуюць загадзя перад выездам. Першапачаткова планавалася, што  ФАП будзе працаваць па прынцыпе аўталаўкі: спыняцца ў пэўных месцах і там прымаць пацыентаў. Але пакуль праект для ўсіх у навінку,  і работнікі перасоўнага ФАПа імкнуцца літаральна “ўвайсці ў кожны дом”.

Жыхарка Ганна Васько шчыра дзякуе  маладому фельчару  за кваліфікаваную дапамогу і добрае стаўленне.

Ганна Васько і фельчар Юлія Няборская падчас забору крыві

– Па стане здароўя да дактароў звяртаюся часта. І  вестка пра тое, што ў раёне пачне працаваць ФАП на калёсах, безумоўна, узрадавала ўсіх жыхароў аддаленых вёсак, – радуецца пенсіянерка. – Ціск у мяне высокі. Хоць і заўсёды  сачу за ім, таблеткі рэгулярна прымаю, усё роўна час ад часу падымаецца. Так што абследаванне лішнім не будзе. Я ўдзячна нашым медработнікам, што яны аказваюць нам такую ўвагу.

Салідарная з  ёй  і жыхарка Ларыса Гастка.

– Цяпер добра, не трэба нікуды ісці. Амбулаторыя прама каля дома!

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара